Падтрымайце Алейніка Юрыя
4 ліпеня , у сераду адразу пасьля выходных (а 14-00 па адрасе: г.Мінск, вул.Сямашкі, 33 к.2106), адбудзецца суд па зыску адлічанага студэнта Алейніка Юрыя да Акадэміі кіраваньня пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь .
Нагадаем, студэнт-выдатнік быў адлічаны з 4 курса Акадэміі 15 траўня 2007 года нібыта за 22 гадзіны прагулаў ў красавіку (афіцыйная версія). Аднак Юрый і тыя, хто яго падтрымлівае, лічаць, што сапраўднай прычынай сталася грамадзянская пазыцыя і палітычныя погляды студэнта : сяброўства ў БАЖ, старшынёўства ў ТБМ, збор подпісаў супраць закону аб скасаваньні ільготаў, удзел у палітычных акцыях (напр., "Чарнобыльскі Шлях").
Усе ранейшыя спробы прымірэньня не далі ніякага выніку: адміністрацыя Акадэміі адмаўляецца ўзнавіць хлопца і даць магчымасьць здаць экзаменацыйную сэсію за 4 курс. Дарэчы, акрамя таго, што адлічэньне было незаконным, юрыдычна беспадстаўным, дык яшчэ подлым і цынічным: Юрася адлічылі падчас заліковай, за тыдзень да экзаменацыйнай сэсіі: ужо пасьля загаду аб адлічэньні Юрась пасьпеў здаць 2 залікі...
На судзе прадметам разгляду будзе дыскрымінацыйны падыход кіраўніцтва Акадэміі ў адносінах да Алейніка Юрыя. У адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі (у тым ліку законам "Аб адукацыі") Рэспублікі Беларусь, а таксама Пагадненьнямі і Канвенцыямі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь, усялякія праявы дыскрымінацыі, у тым ліку па палітычных і ідэалягічных поглядах, недапушчальныя.
Прыходзьце на суд! Падтрымайце Алейніка Юрыя! Выкажыце сваю салідарнасьць!
4 ліпеня, серада, 14-00
г.Мінск, Сямашкі, 33 к.2106