Пад Валожынам разагнаны студэнцкі летнік

У пятніцу на Валожыншчыне міліцыянтамі быў разагнаны летнік, які ладзіла незарэгістранае Задзіночаньне беларускіх студэнтаў. Летнік павінен быў доўжыцца пяць дзён, але ўжо на другі дзень на месца лягеру прыехалі супрацоўнікі міліцыі і КДБ, якія затрымалі шасьцёх удзельнікаў адпачынку. Хлопцы знаходзяцца ў Валожынскім аддзяленьні міліцыі нібыта для высьвятленьня асобы. Не выключана, што міліцыянты складуць на іх адміністрацыйныя пратаколы за дробнае хуліганства.

Яшчэ некалькі удзельнікаў летніку засталіся ў лягеры. Сярод іх і Аляксей Трубкін, на якога адразу па прыезьдзе міліцыянты склалі пратакол за распальваньне вогнішча ў нібыта не прызначаным месцы. Затрыманьнямі кіруе намесьнік старшыні менскай абласной міліцыі.

«Недзе а 12 гадзіне дня да нас прыехалі міліцыянты і людзі ў цывільным з камэрай, якія ўсё здымалі на відыё й урэшце затрымалі арганізатраў летніку — Віталя Кратых, Настасьсю Шамрэй, Яўгена Іванюка і Крысьціну Вітушку, якіх даставілі у РАУС. Потым у лягер завіталі супрацоўнікі санітарнаэпідэмічнай станцыі, каторыя паспрабавалі высьветліць, куды маладзёны выносяць сьмецьце, але пасьля таго, як мы растлумачылі, што сьмецьце нікуды не выкідаем, санстанцыя зьехала раіцца ў Валожынскі сельсавет», сказаў Аляксей Трубкін.

Наша Ніва