Палітвязень Баразенка абвесьціў галадоўку
Пра гэта паведаміла маці Аляксандра Алена Баразенка. Зьняволены з Працэсу 14-ці мае намер трымаць галадоўку, пакуль яго не вызваляць.
Чацьвёра пакараных абмежаваньнем свабоды ў Справе 14-ці — Аляксей Бондар, Міхаіл Пашкевіч, Арцём Дубскі і Павал Вінаградаў — накіравалі старшыні Вярхоўнага суду Валянціну Сукалу і генэральнаму пракурору Рыгору Васілевічу ліст, у якім просяць перагледзець сваю судовую справу і вызваліць Баразенку.
Аляксандар Баразенка быў зьмешчаны ў СІЗА на Валадарскага 27 кастрычніка. Хлопец праходзіць па крымінальнай справе за мітынг прадпрымальнікаў 10 студзеня. Гэта першы новы палітвязень, што трапіў за краты пасьля адмены санкцый Эўрасаюзу.
Нагадаем, што тая справа атрымала неафіцыйную назву «Працэс чатырнаццаці» па колькасьці падсудных. Аднак на лаве падсудных аказалася толькі трынаццаць чалавек. Студэнт унівэрсытэту Ўроцлава Аляксандар Баразенка прыняў рашэньне застацца ў Польшчы і не прыяжджаць на працэс. Фігуранты той справы атрымалі розныя тэрміны абмежаваньня волі без накіраваньня адбываць пакараньня, а таксама штрафы. Андрэй Кім атрымаў паўтара году калёніі.
Большасьць зь іх жыве сёньня фактычна ва ўмовах хатняга арышту. Некаторыя, як Тацяна Цішкевіч, Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, прынялі рашэньне зьехаць з краіны.
Паводле нашай інфармацыі Аляксандар Баразенка пэўны час знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі. Зьехаць назад на вучобу не было магчымасьці, бо расейцы аднавілі беларускую базу невыязных. Хлопца нібыта нават здымалі зь цягніка.
27 кастрычніка Аляксандар Баразенка добраахвотна разам з сваім адвакатам Паўлам Сапелкам зьявіліся да сьледчага Міхалькевіча. Там хлопцу і была прадстаўлена пастанова аб арышце, якая была выпісана яшчэ ў траўні.
Судзіць Баразенку меў судзьдзя Цэнтральнага раёну Есьман — аднак А.Лукашэнка абвінаваціў яго ў карупцыі.
Паводле nn.by
Пакінуць новы каментар