Палітвязень Юры Рубцоў зноў абвясціў галадоўку

З 1 ліпеня Юры Рубцоў галадуе на знак пратэсту супраць кепскіх ўмоваў утрымання ў Баранавіцкім следчым ізалятары. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла жонка Рубцова Ядвіга.

"Сёння мужа наведала адвакат і вось толькі нядаўна мне адзванілася. Аказваецца, з 1 ліпеня ён зноў галадуе. Пратэстуе супраць умоваў у ізалятары і таго, як з ім там абыходзяцца. Пачуваецца і выглядае нібыта яшчэ нармальна, але гэта, відаць, толькі таму, што галадоўка доўжыцца ўсяго 9 дзён. Для мяне гэта вельмі балючая навіна. Да ягонай галадоўкі ў ізалятары ставяцца пакуль стрымана, але ўжо пагражаюць, што пакараюць карцэрам, калі будзе далей працягваць", – сказала карэспандэнту Радыё Свабода Ядвіга Рубцова.

Адвакат палітвязня паведаміла карэспандэнту Свабоды пра прычыны, якія выклікалі пратэст.

"Як казаў Рубцоў, доўгі час тут былі перапынкі з прагулкамі, яму давялося нават скардзіцца. Таксама ён скардзіўся на тое, што яго абмежавалі ў набыцці прадуктаў у турэмнай краме. Яшчэ яму ўжо некалькі разоў, як ён кажа, даводзілі, што ў яго ёсць нейкія парушэнні, хоць афіцыйных прэтэнзіяў не выстаўлялі, аднак пагражалі змясціць у ШЫЗА. Але галоўнае, што яго "зачапіла" – гэта што даводзіцца падымацца, калі ў камеру ўваходзіць хто з ахоўнікаў. Кажа, што "вымушаны сядзець у камеры, якая як прыбіральня, дык яшчэ і кланяцца кожнаму прапаршчыку". Між тым ён ня лічыць сябе ні ў чым вінаватым. Вось гэта ўсё для яго сышлося, і ў выніку ён абвясціў галадоўку. Прычым афіцыйна пра галадоўку нічога тут ня кажуць. У выніку мы разам з ім селі, склалі скаргу на дзеянні ахоўнікаў ды накіравалі на імя начальніка ўстановы, каб разабраліся ў прычынах ягонага пратэсту. Але таксама я папрасіла яго, каб ён быў больш стрыманы, больш думаў і пра сваё здароўе, якое ўжо не найлепшае пасля мінулай галадоўкі. Спадзяюся, гэта падзейнічае. Але пакуль ён галадоўку працягвае", – паведаміла адвакат.

Паводле адваката, на 24 ліпеня прызначаны разгляд касацыйнай скаргі Юрыя Рубцова на прысуд Пружанскага раённага суду, які пакараў былога "хіміка" Рубцова за адмову працаваць двума гадамі зняволення. Скаргу Рубцова разгледзіць Брэсцкі абласны суд.

Юры Рубцоў не прызнае віны і кажа, што не адмаўляўся працаваць на "хіміі" зусім, а толькі патрабаваў, каб яму далі працу з заробкам, адпаведным сярэдняму па Беларусі. Да працэсу ў Пружанскім раённым судзе Юры Рубцоў трымаў галадоўку, патрабуючы адкрытага працэсу і спынення пераследу. Тады палітвязень галадаваў каля 50 дзён і схуднеў больш як на 20 кілаграмаў. З Баранавіцкага следчага ізалятара, дзе Рубцова трымаюць пасля суду, ён скардзіўся на дрэннае харчаванне.

У 2014 годзе Юры Рубцоў быў асуджаны на 1,5 года "хіміі" за знявагу суддзі Савецкага райсуду Мінска Кірыла Палулеха. Суддзя пагадзіўся судзіць актывіста напаўадзетага – напярэдадні, пасля Чарнобыльскага шэсця, міліцыянты адабралі ў Рубцова майку з надпісам "Лукашэнка сыходзь".

Падчас адбыцця "хіміі" ў спецкамендатуры Куплін Пружанскага раёну Юры Рубцоў зрабіў сабе тату на грудзях з тым жа тэкстам – "Лукашэнка сыходзь".
 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку