Палітвязня Яўгена Васьковіча абмяжоўваюць у кантактах

“Палітвязень Яўген Васьковіч знаходзіцца ў ізаляцыі ў Магілёўскай турме №4,” - пра стан зняволенага распавёў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі. – “Яго лёс выклікае спачуванне. Цягам месяца Яўген знаходзіўся ў штрафным ізалятары і толькі нядаўна выйшаў з яго.”
Лісты ад родных і сяброў да хлопца не даходзяць. Кантактаваць з грамадствам ён можа толькі праз адваката Аляксандра Галіева. Яўген Васьковіч адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні.
Нядаўна хлопец прасіў аб магчымасці сустрэчы з мясцовым магілёўскім ксёндзам. Ксёндз звярнуўся з прашэннем аб наведванні вязня ў рамках душпастырскай працы, але яму было адмоўлена. Сябры партыі БХД не ўхваляюць ўчынак маладога хрысціяніна, калі ён кінуў бутэлькі з сумессю ў будынак Бабруйскага КДБ, але лічаць неабходным патрымліваць яго як чалавека і вязня, клапаціцца пра яго родных, спрыяць яго лёсу. Праваабаронцы лічаць, што пакаранне прызначанае Яўгену, шматкроць перавышае яго віну, бо будынку не было прычынена цяжкіх пашкоджанняў. Страты склалі 253 тысячы беларусктіх рублёў.
Яўген Васьковіч нарадзіўся ў Бабруйску 26 лютага 1990 года ў сям’і рабочых. Вучыўся завочна на журналісцкім аддзяленні філалагічнага факультэту Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсітэту імя Куляшова. Працаваў у газеце «Бобруйский курьер». У траўні 2011 году Яўген Васьковіч быў асуджаны разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамолатавым на 7 гадоў пазбаўлення волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за спробу падпалу ў ноч на 17 кастрычніка 2010 году будынку Бабруйскага КДБ, у які былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумессю.
Спачатку ён адбываў пакаранне ў Магілёўскай калоніі № 15, а 12 кастрычніка 2011 года пераведзены на больш жорсткі рэжым у так званую «крытку» — Магілёўскую турму № 4. І там ужо двойчы трапляў у штрафны ізалятар за непадпарадкаванне.
«У адказ на пяць маіх дасланых лістоў дайшоў адзін, - напісаў Павал Севярынец у артыкуле, прысвечаным Васьковічу для Нашай Нівы.-
"Затое які! «Усміхаюся ўсім — і вязням, і канваірам. І яны пачынаюць усміхацца ў адказ». Радкі проста праменяць. Я напрыканцы — лаціна: «З Богам да ўсяго гатовы». Першае, за што Васьковіч атрымаў карцар, — адмова аддаць канваірам Біблію. Пішу Яўгену, што мы пераможам без гвалту — так, як гэта рабілі нашы продкі, суседзі, еўрапейцы, так, урэшце, як гэта зрабіў Ісус. Васьковічу даходзіць мой канверт, а ўсярэдзіне — чысты аркуш з надпісам: «Перапіска з Севярынцам забароненая.»”
Пакінуць новы каментар