Палітвязня Яўгена Васьковіча перавялі ў калонію
«Ліст аб тым, што Жэню перавялі прыйшоў яшчэ месяц таму. Сама я да яго яшчэ не ездзіла, і ён мне пакуль не пісаў, але адвакат яго наведваў. Сказаў, што ўсе у Яўгена нармальна: адчувае сябе добра, ходзіць на працу – нешта там шые», - паведаміла яго маці, Рушанія Іванаўна.
Падтрымаць Яўгена Васьковіча можна даслаўшы палітвязню ліст: 212013, Магілёў, Слаўгарадская шаша, 183, ВК-15. Васьковічу Яўгену Сяргеевічу.
«Наша Ніва» нагадавае, што Васьковіч быў асуджаны ў 2011 годзе разам з Арцёмам Пракапенка і Паўлам Сырамалотавым.
Яго прысудзілі да 7 гадоў зняволення паводле абвінавачання ў спробе падпалу дзвярэй бабруйскага аддзялення КДБ.
Спачатку хлопец адбываў пакаранне ў Магілёўскай калоніі № 15, а 12 кастрычніка 2011 года быў пераведзены ў Магілёўскую турму № 4 як «злосны парушальнік рэжыму». Там хлопец сядзеў у камеры з 9 іншымі зняволенымі, аднак на ўмовы не скардзіўся. Шмат разоў Васьковіч трапляў ў карцар — агулам ён правёў там 247 сутак. У кастрычніку 2014 трохгадовы тэрмін, які палітвязень павінен быў правесці ў турме, скончыўся, і хлопца перавялі ў калонію.
Пакінуць новы каментар