Паліткамітэт ПАСЕ: У Беларусі працягваюць зневажаць правы чалавека
У Прэс-службе Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) паведамілі, што 4 кастрычніка ў Страсбургу камітэт па палітычных пытаннях Асамблеі прыняў заяву па Беларусі.
У ёй адзначаецца, што 12 палітычных вязняў да гэтага часу застаюцца ў турмах, прычым з'явілася вартая даверу інфармацыя пра недастатковую медыцынскую і адвакацкую дапамогу і катаванні ў дачыненні да іх. Заява ўтрымлівае заклік «неадкладна і без якіх-небудзь умоў вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў, у тым ліку тых, каго ўжо памілавалі».
«Сітуацыя з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі не палепшылася з часу прыняцця мінулай рэзалюцыі асамблеі ў студзені 2012», - заявіў спецдакладчык асамблеі па Беларусі Андрэс Херкель. У Беларусі, адзначыў ён, працягваюць зневажаць правы чалавека і палітычныя свабоды і падвяргаць нападкам палітычных апанентаў.
Беларускія ўлады так і не распачалі мер па адмене смяротнага пакарання ці па ўвядзенні мараторыя на выкананне смяротных прысудаў. Наадварот, у 2012 годзе былі прыведзены ў выкананне два смяротныя прысуды, адзначалі ўдзельнікі пасяджэння паліткамітэта.
Спецдакладчык ПАСЕ таксама распавёў пра планы сустрэчы з Міклашам Харашті, які на мінулым тыдні быў прызначаны спецдакладчыкам па сітуацыі ў Беларусі Савета ААН па правах чалавека. Акрамя таго, паліткамітэт ПАСЕ адзінагалосна падтрымаў прапанову спадара Херкеля намінаваць беларускага праваабаронцу Алеся Бяляцкага, які быў асуджаны і знаходзіцца ў калоніі, на прэмію правоў чалавека ПАСЕ 2013 года.
Пакінуць новы каментар