Памерла Ірына Казуліна
Сёньня ўвечары на 49-м годзе жыцьця памерла Ірына Казуліна, жонка зьняволенага палітыка, былога кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Казуліна.
“Гэта адбылося пасьля 20-й гадзіны. Маме зрабілася дрэнна, і мы сабралі яе, каб везьці ў шпіталь. Па дарозе яна страціла прытомнасьць. Калі прывезьлі, дактары сказалі, што яна ўжо памерла”, - сказала “Свабодзе” старэйшая дачка Ірыны Казулінай Вольга.
З канца 1990-х гадоў Ірына Казуліна хварэла на рак малочнай залозы. Апрача мужа Аляксандра, у Ірыны Казулінай засталіся дочкі Вольга і Юлія, а таксама ўнук Улад.
Да апошняга Ірына Казуліна вяла актыўнае грамадзкае жыцьцё, змагалася за вызваленьне свайго мужа і дэмакратызацыю Беларусі. Ірына не хавала, што цяжка хварэе і шмат рабіла, каб дамапагчы жанчынам, якіх напаткала такая ж бяда. Яшчэ год таму намаганьнямі Ірыны Казулінай у Менску прайшла міжнародная канфэрэнцыя па дапамозе жанчынам, хворым на рак малочнай залозы. Каб канфэрэнцыя не сарвалася, Ірына, кантактуючы з афіцыйнымі асобамі, не называла свайго прозьвішча…
Ірына Казуліна амаль два гады чакала вызваленьня свайго мужа, Аляксандра Казуліна, з турмы. Не дачакалася.....
Паводле Радыё Свабода