Папярэджаньне за флэш-моб
Студэнтка філялягічнага факультэту Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсітэту Вікторыя Волкава атрымала папярэджаньне ад дэкана факультэту Івана Бурлыкі ў сувязі з удзелам у несанкцыянаваных акцыях. Па словах дэкана, калі яе затрымаюць яшчэ раз, яна будзе адлічана з унівэрсітэту.
3 верасьня студэнтку трэцяга курса філялягічнага факультэту Вікторыю Волкаву выклікалі ў дэканат для дачы тлумачэньняў з нагоды затрыманьняў падчас флэш-мобаў супраць разбурэньня гістарычнае забудовы Горадні.
Па словах студэнткі, яе сапраўды затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі, аднак адпускалі без складаньня пратаколаў і прад’яўлення абвінавачваньняў.
Дэкан філялягічнага факультэту Іван Бурлыка паведаміў студэнтцы, што пасьля наступнага затрыманьня яна будзе адлічана. Аднак, са словаў Вікторыі, дэкан нават ня змог патлумачыць, якое злачынства яна зьдзейсьніла.
І.Бурлыка выклікаў на размову бацькоў студэнткі, якіх, зь яго словаў, хоча паінфармаваць, у чым была заўважана іх дачка й што можа стаць прычынай яе адлічэньня з ВНУ. Ён ня лічыць свае дзеяньні ціскам на студэнтку.