Партыі БНФ забаранілі правядзенне акцыі ў Слуцку

Слуцкі райвыканкам не даў дазволу на правядзенне Партыяй БНФ мітынгу ў Слуцку 29 лістапада з нагоды 94-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну. Палітыкі бачаць у гэтым прыкметы падрыхтоўкі ўладаў да палітычнай кампаніі 2015 году.

Адпаведны адказ атрымаў кіраўнік слуцкай арганізацыі Партыі БНФ Віталь Амяльковіч, паведамляе novychas.info.

У якасці падставы для забароны акцыі выканкам пазначыў, што заяўленае месца правядзення мітынгу (пляцоўка каля Слуцкага краязнаўчага музею) не з'яўляецца дазволеным месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў. Чыноўнікі спасылаюцца на тое, што адзінае месца ў горадзе, дзе можна праводзіць мітынгі у Слуцку – гэта гарадскі стадыён. Аднак Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч упэўнены, што ўлады лукавяць:

“Адмова дадзеная па надуманых падставах, і тут улады не дэманструюць паслядоўнасць акурат ля краязнаўчага музею акцыі ладзяцца традыцыйна, і летась удзельнікі мітынгу Партыі БНФ з гарадскога стадыёна рушылі да музею, дзе адбываўся дазволены мітынг КХП-БНФ. Апошні раз з забаронай адзначэння Слуцкага Збройнага Чыну мы сутыкаліся ў 2012 годзе. Супастаўляючы гэтае рашэнне чыноўнікаў з пераследам удзельнікаў і арганізатараў іншых восеньскіх акцыяў апазіцыі (Дзяды ў Мінску ды Берасці, ушанаванне памяці паўстанцаў 1863-га году ў Свіслачы), а таксама шматлікія нематываваныя арышты і затрыманні грамадскіх актывістаў, я магу зрабіць выснову, што ўлады ўжо пачалі дзейнічаць у рэжыме падрыхтоўкі да палітычнай кампаніі 2015 году”.


Даведка "НЧ":

Слуцкі збройны чын — спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і снежні 1920 году. Адзін месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялян, супраціўляліся наступу савецкіх войскаў.

14 лістапада 1920 года распачалася збройная абарона незалежнасці Беларусі на Случчыне. У гэты дзень там распачаўся З'езд, які абраў Раду Случчыны. Задачамі Рады стала арганізацыя грамадзянскага кіравання, а таксама абароны краю. З'езд прыняў рэзалюцыю, якая абвяшчала ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў Слуцку і наваколлі, і выказаў пратэст супраць бальшавіцкай акупацыі. Збройныя дзеянні адбываліся з 27 лістапада па 31 снежня 1920 году.

З 1980-х гадоў угодкі Слуцкага Паўстання, як знакавая падзея ў гісторыі барацьбы за незалежнасць, Беларусі адзначаюцца беларускім грамадствам як Дзень Герояў. Афіцыйныя ўлады ігнаруюць антыбальшавіцкі збройны чын.
 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку