Пахаваньне Ірыны Казулінай адкладаецца
Спачатку меркавался, што разьвітаньне адбудзецца ў Чырвоным касьцёле ў аўторак. «Пра гэта мы фактычна ўжо дамовіліся. Маму прывязуць ў Чырвоны касьцёл ўвечары ў панядзелак. Людзі змогуць зь ёй разьвітацца да аўторка, да гадзіны дня. Там будзе адпяваньне і тады павязуць на могілкі. Якія могілкі, мы пакуль не вызначыліся», — сказала Вольга Казуліна для радыё «Свабода».
Пазьней, калі дочкі Казуліна даведаліся пра нежаданьне ўладаў вызваліць іх бацьку і пра рашэньне бацькі абвесьціць сухую галадоўку «да сьмерці», яны зрабілі наступную заяву: «Мы заяўляем, што ня будзем хаваць маму, пакуль тата ня з намі. Для яго такое пахаваньне будзе азначаць, што яго «пахаваюць жывога», — сказала Вольга Казуліна.
Паводле В. Казулінай, яе заява ў рэспубліканскую пракуратуру нібыта «перададзеная міністру ўнутраных справаў Уладзімеру Навумаву і ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў». Гэтак Вользе Казулінай паведаміў дзяжурны пракурор Мікалай Лявонаў.
Паводле Нашай Нівы