Пачалася кампанія па збору сродкаў на штраф аўтарам графіці «Беларусь мае быць беларускай»
Аплаціць штраф «графітысты» вінныя цягам месяца, пасля чаго яны публічна дадуць справаздачу за сабраныя ў межах акцыі грошы. Дапамагчы ў арганізацыі збору сродкаў пагадзілася «Арт-сядзіба».
29 студзеня ў Мінску завяршыўся працэс над графіцістамі за малюнкі «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе».
Хлопцы прызнаныя вінаватымі ў псаванні маёмасці паводле арт. 341 Крымінальнага кодэксу.
Як мы паведамлялі, суд над "графітыстамі" па беларускіх мерках скончыўся адносна добра. Вадзім Жаромскі пакараны штрафам у 50 базавых велічыняў, Максім Пякарскі — у 40 базавых велічыняў, Вячаслаў Касінераў — у 30 базавых велічыняў.
Хадайніцтва пацярпелага аб спыненні крымінальнай справы праз кампенсацыю шкоды пакінулі без задавальнення.
Таксама падчас працэсу 25 студзеня былі затрыманыя, збітыя і аштрафаваныя за падтрыманне графітыстаў журналіст TUT.BY Павел Дабравольскі ды актывісты Максім Шыцікаў і Павел Сяргей.
Максіма Шыцікаў і Паўла Дабравольскага прысудзілі да штрафу ў 45 базавых велічынь — 9,45 млн. беларускіх рублёў, а Паўла Сяргея да штрафу ў 50 базавых велічынь — 10,5 млн. На іх былі складзеныя пратаколы за лаянку і «Непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы».
Падтрымаць хлопцаў і пералічыць грошы на аплаты штрафаў можна некалькімі спосабамі:
1. Набыць цішотку з малюнкам «Беларусь мае быць беларускай». Аўтарам прынта з’яўляецца Максім Пякарскі. На малюнку за перакрэсленым сярпом і молатам — крыжы Курапатаў, а за перакрэсленай свастыкай — званы Хатыні. Кошт цішоткі будзе 300 000 рублёў, увесь прыбытак пойдзе на аплату штрафаў.
2. Ахвяраваць сродкі можна некалькімі варыянтамі:
- зрабіць дабрачынны ўнёсак на рахунак «Арт Сядзібы» ў любым банку Беларусі;
- перадаць грошы праз офіс «Арт Сядзібы»: Менск, пр-т Незалежнасці, д. 58, оф. 430 (ст. м. «Плошча Якуба Коласа», 4 паверх Маскоўска-Венскага ГЦ);
- пералічыць любую суму карткай праз плацежную сістэму «PayPal».
Паводле novychas.by
Пакінуць новы каментар