Пачаліся ператрусы ў грамадзкіх актывістаў з нагоды выбуху 4-га ліпеня

Хваля ператрусаў і выклікаў у міліцыю пракацілася гэтымі днямі па краіне. Грамадзкіх актывістаў дапытваюць па справе менскага выбуху 4 ліпеня.

Супрацоўнікі менскага КДБ з раніцы правялі ператрус на кватэры намесьніцы старшыні МГА «Бацькаўшчына» Ніны Шыдлоўскай.

Сп-ня Ніна паведаміла «НН», што ператрус зьвязаны з выбухам 4 ліпеня, а ейны муж знаходзіцца ў сьпісах тых, каго варта праверыць. Шыдлоўская кажа, што ператрус пачаўся ў той момант, калі ў кватэры нікога не было. Цяжка таксама пакуль сказаць, ці было нешта канфіскавана. Ніна Шыдлоўская пакуль чакае мужа, каб разам азнаёміцца з пратаколам вобшуку.

Пяці салігорскім актывістам апазыцыі патэлефанавалі зь міліцыі і папрасілі даць тлумачэньне, дзе яны былі ў ноч на 4 ліпеня, ці быў зь іх нехта ў Менску.

«У панядзелак бліжэй да поўначы да мяне, майго брата Ільлі, Хрысьціны Самойлавай, Рыгора Астапені і Аляксея Валабуева патэлефанаваў старшы лейтэнант салігорскай міліцыі Салавей, які настойліва запрашаў у аўторак зьявіцца ў пастарунак, каб даць пісьмовыя тлумачэньні, дзе мы знаходзіліся 3 і 4 ліпеня, ці быў нехта з нас у Менску», — кажа Іван Шыла.

Хлопец гаворыць, што ў Менску ў тыя дні нікога не было. Маладзёны знаходзіліся альбо ў Салігорску, альбо за мяжой.

Як паведамляе прэс-служба Руху «За свабоду», адбыўся ператрус на кватэры пінскага актывіста Паўла Ляхновіча. Міліцыянты і супрацоўнікі пракуратуры зь Менску паведамілі, што ператрус праходзіць у сувязі з заведзенай крымінальнай справай па выбуху 4 ліпеня. У Ляхновіча, які займаецца паляваньнем, канфіскавалі порах.

У нядзелю ж міліцыянты з Чэрыкава і Клімавічаў дапыталі мясцовых журналістаў Сямёна Панізоўцава і Сяргея Аржанцава пра здарэньне ў Менску ў ноч на чацьвёртага ліпеня. У тым ліку і пра выбух у Менску згадаў і ўчастковы міліцыянт, калі дапытваў іўеўскага актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Ўласевіча.

Гомельскі каардынатар па стварэньні "Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі" Кастусь Жукоўскі атрымаў позву ў РУУС Цэнтральнага раёну. У позьве адзначана, што 8 ліпеня яму неабходна зьявіцца да опэрупаўнаважанага крымінальнага вышуку для апытаньня наконт выбуху 4 ліпеня ў Менску.

 

Паводле nn.by