Паўмесяцы арышту за «Жыве квітнеючая Беларусь!»…
С.: Алесь, якое ў Вас агульнае сьветаадчуваньне, эмоцыі пасьля выхаду на волю?
А.Т.: Настрой выдатны, баявы. “Адсідка” толькі яшчэ больш натхніла мяне на далейшыя дзеяньні, змаганьне за свае правы...
С.: То бок, гэты арышт Вас не напужаў, не прымусіў скласьці рукі, адступіць назад?
А.Т.: Безумоўна нечага баішься, як заўжды: чалавек ëсьць чалавек. Але ëсьць такая вера, што калі знаходзішься ў такіх ня вельмі “спрыяльных” умовах, сям’я, дзеці, сваякі, сябры –яны пачынаюць хвалявацца. Яны падтрымліваюць. А назад – не! Толькі наперад!
С.: Якое стаўленьне да Вас, ды увогуле, да палітзьняволеных было з боку супрацоўнікаў “Акрэсьціна”?
А.Т.: Яны ставіліся да нас, да мяне вельмі прыстойна... Таму што, мне здаецца, мы самі сябе паказваем адукаванымі, крышачку ведаем свае правы, умеем іх адстойваць. Ведаем законы. Адстойваем свой чалавечы гонар...І мне падалося- стаўленьне да нас было лепшае, чым да астатніх. Нават тых, хто раней ужо сядзеў за удзел у палітычных акцыях.
С.: Алесь, а як там з харчаваньнем?
А.Т: Я мог толькі “нюхаць”... Не, канешне, пакаштаваўшы аднаго разу, мой страўнік мне сказаў, маўляў, “даволі, досыць...гэта спажываць нерэальна”. Галадаваў. Галадавалі іншыя. Наколькі я ведаю, Тацьцяна за сьценкаю галадавала(гл.Тацьцяна Цішкевіч)...У пляне перадачаў- якая там ежа?! Гэта ня тая ежа! Дазваляюць жа ж толькі ваду, сокі. Пісалі звароты да начальніка: “дазвольце перадаваць ежу”. А яны кажуць: “ Вы ж не ў турме!” Ну добра, у турме на месяц дазваляюць перадаваць 30 кг ежы. Ну тут хаця б 15 кг дазвольце! Людзі ж паўмесяцы сядзяць! Увогуле, гэтым трэба ўсур’ёз заняцца. Дарэчы, нашая памылка ў тым, што мы нават ня ведаем, што дазволена з” харчу”. Есьць нейкія агульныя ўмовы, але яны не расшыфраваныя. Трэба зьвяртацца ў ГУУС... У апошнія дні арышту я даведаўся, што можна перадаваць каву. Нават цукар кавалкамі! Чаму не дазваляюць цыбулю, часнык?! Цяпер грып...Адным словам, усë так заблытана і ніякай канкрэтыкі. Трэба гэтым займацца. Трэба сесьці разам з кіраўніцтвам адказным за гэта і скласьці пералік, каштарыс дазволеных прадуктаў. Яшчэ раз паўтаруся: трэба катэгарычна ставіць гэтае пытаньне!
С.: А як у камэрах? Цëпла, халодна, нармалëва?
А.Т: Адразу калі я паступіў, было халодна. Надвор’е тады вельмі зімнае было. Пісалі заявы...Мы нават адчынялі вокны і крычалі: “людзі, перадайце на свабоду, што ў нас халодна!”І тады ўсë пайшло-паехала...Напэўна, прачысьцілі трубы, прагналі ваду ў батарэях- і стала цëпла. Насамрэч, цëпла стала! Чаго тут “граха таіць”...Нават сталі распранацца. У майках сядзелі...
С.: У камэрах ëсьць радыë? Напрыклад, як паказаў асабісты досьвед, у “Жодзіна” радыëкропкі ў камэрах ëсьць...
А.Т.: Не-не...Пра што Вы кажаце?! Прымачы не дазваляюць перадаваць. Баяцца, што будуць праглынаць батарэйкі! Абяцаюць, што калі зробяць рэмонт, тады зьявіцца “гук” у камэрах. Абяцалі ў 2007-абяцаюць і цяпер... Можа да 18-га зробяць?! Не...да 25-га сакавіка дакладна пасьпеюць!(жартуе).
С.: А ці выводзілі, Алесь, Вашую камэру на так званую прагулку?
А.Т.: Так. Адзін раз было. Нават ініцыявала гэтае мерапрыемства сама адміністрацыя. Мы нават не зразумелі адразу, не чакалі такога. Можа, таму што трэба было “жучкі” расставіць, можа яшчэ што...Але было прыемна.
С.: Дзіўна. Наколькі вядома, іншыя камэры не выводзілі... Добра, а што вам здаецца, карэнным чынам трэба зьмяніць ва ўмовах утрыманьня? На “Акрэсьціна” ў дадзеным выпадку? Вось возьмем канкрэтныя рэчы...
А.Т.: Усë! Пачынаючы з афарбоўкі сьценаў, стану швоў. Гэта вельмі важна і, дарэчы, прадугледжана Міжнароднай Канвэнцыяй . Фундамэнт таксама-першае парушэньне. Будынкі нават забаронена абносіць дротам калючым. Кажуць: “ Тут у нас ІЧУ!” Ну добра – ІЧУ(ізалятар часовага ўтрыманьня)… Ну дык разьмяжуйце тэрыторыю! Гэта там-гэта тут. Крымінальна і адміністратыўна асуджаныя- гэта ж розныя рэчы!Гэта ëсьць наўпроставае парушэньне Канвэнцыі! Што яшчэ? У шмат якіх камэрах вокны не пашклëныя. У нашай пашклілі па першай заяве. Потым...цэглу аконную высока выкладваюць. Вокна павінны па ўзроўню ніжэй быць! Далей...харчаваньне. Ежу мусяць папрыстойней даваць. Тое, што даюць- гэта ж, прабачце, ня ежа! Можа камусьці падабаецца?! Я ня ведаю...Яшчэ. Кубкі. Яны ў першабытным стане!!! Ну як так можна?! Ну хаця б, як у жаўнераў былі б! А то баяцца, што адарвецца ручка ад кубка і зь яе зробяць “заточку”!!! Ды я вазьму шыбу разаб’ю –і “заточкі” ня трэба! Справа ў тым, што ў гэтых кубках падаюць вельмі гарачую гарбату і бяз ручкі браць і трымаць яе амаль немагчыма. Праблема.
С.: А колькі чалавек у камэры Вашай было?
А.Т.: Калі я прыйшоў, было 13. Хаця камэра на 12 чалавек. Потым як пайшла хваля затрыманьняў, камэры перафармавалі й у маëй камэры ўжо стала 7 чалавек. 4 палітычных і 3 звычайных. Такая была раскладка, прынамсі ў нашай камэры.
С.: Алесь, што за перыяд арышту Вас больш за ўсë ўразіла? Можа былі нейкія прыемныя нечаканасьці акрамя вываду на шпацыр, пра што Вы ўжо казалі?
А.Т.: Мяне вельмі ўразіла, што да нас ў камэру прыходзіла прыбіральшчыца. Раз у 3-4 дні яна з дапамогай хлоркі рабіла апрацоўку сан-вузлу. Уразіла...
С.: Жонка Вашая як адрэагавала на арышт?
А.Т.: Скажу, што рэакцыя жонкі ў гэты раз была проста супэр! Я пабачыў, што ня толькі мае самыя блізкія сябры дапамагалі, але, увогуле, людзі, якіх я нават ня ведаю. Жонка сказала: “Ну цяпер можаш змагацца спакойна!...Бо я ведаю, калі мне трэба будзе зьвярнуцца - людзі дапамогуць”.
С.: Алесь, Вы, наколькі нам вядома, сядзелі ў адной камэры зь Сяргеям Парсюкевічам, якога падчас арышту, як кажуць, ды і як ëн сам сьцвярджае, ледзь не да сьмерці зьбілі супрацоўнікі ізалятара. Што там адбылося насамрэч? Вы, як сьведка тых падзеяў, што скажаце?
А.Т.: Са свайго боку скажу, што інцыдэнт, як мне здаецца, адбыўся не на “роўным месцы”. За дзень да гэтага мы зрабілі і павесілі на акно імправізаваны нацыянальны сьцяг(гл.бел-чырвона-белы). Я думаю, з-за гэтага ўсë пачалося...Начальства раззлаванае, зразумела. Падчас адной з праверак у камэру ўвайшоў дзяжурны. Загадаў усім падняцца. Усе пачалі падымацца з ложкаў. Зразумела, за адну сэкунду немагчыма падняцца. Сяргей гэта зрабіў апошнім. Ëн падымаецца і спускаецца з ложка на падлогу ў тое месца, дзе стаяў ягоны абутак. А дзяжурны як раз стаяў у тым месцы ля абутку, тым самым замінаючы Сяргею апрануць яго. Сяргей кажа: “ Калі ласка, адыйдзіце далей, каб я змог апрануць абутак...” Той пачаў агрызацца: “ Чë ты барзишь!” і г.д. і адразу пачаў штурхаць яго. Усе мы пайшлі ў абарону Сяргея... Тады той вывеў яго ў калідор. Было бачна, што міліцыянт у раз’юшанасьці, але біць Сяргея пры нас ня стаў. Было чуваць, як ëн сказаў, маўляў, зараз мы з табою разьбярэмся... Як было заразумела, ëн пацягнуў Сяргея кудысьці ў суседні пакой. Мы сталі хвалявацца, бо Сяргей –астматык. Самі разумееце...Праз некаторы час мы пачулі крыкі Сяргея:
“Дапамажыце, забіваюць!”. Прыехала ”хуткая”. Яшчэ праз некаторы час прыбягае да нас прапаршчык: “ Дзе прыскалка -дзе прыскалка яго!!!”(гл. аэразольны балëнчык для астматыкаў). Было зразумела, што Сяргея зьбівалі і зьбівалі вельмі жорстка...I на любым судзе я буду казаць, што Сяргея зьбівалі! У нашую камэру яго не вярнулі. Сабралі ягоныя рэчы і перакінулі ў іншую камэру.
С.: І апошняе пытаньне, Аляксандар... За што паводле пастановы суду Вы атрымалі свае 15 сутак?
А.Т.: - За што?! Вы ж добра ведаеце, зь якой фармулëўкай сëньня на судах ”штампуюць” палітычнаматываваныя прысуды: ”ругался матом”, “долой Лукашенко”, “выкрикивал анти-государственный лозунг «Жыве Беларусь!» і г.д. Са мной у гэтым сэнсе амаль нічога новага не адбылося. Калі ў мяне спыталі, ці выкрыкваў я “Жыве Беларусь”, я адказаў, што ëсьць маленькае ўдакладненьне, што ня проста “Жыве Беларусь!”, а “ Жыве квітнеючая Беларусь!” Так у судовым пратаколе і пазначылі... 15 сутак.