Праваабаронцы абвяшчаюць тыдзень супраць смяротнага пакарання
Шэраг праваабарончых мерапрыемстваў пройдзе з 5 па 10 кастрычніка пад лозунгам “Смяротнае пакаранне – гэта забойства”. У іх возьмуць удзел ганаровыя замежныя госці, амбасадары, вядомыя творчыя асобы, сваякі расстраляных і асуджаных да смяротнага пакарання, прыхільнікі і актывісты абаліцыянісцкага руху Беларусі.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” запрашае ўсіх далучацца да мерапрыемстваў Тыдня, правядзенне якога ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” становіцца ўжо традыцыйным і прыцягвае ўвагу праціўнікаў смяротнага пакарання з іншых краінаў.
Сёлета беларускіх праваабаронцаў сваім удзелам у Тыдні падтрымаюць ганаровыя госці – нястомны змагар за правы чалавека Карэл Шварцэнберг, старшыня Камітэта па замежных справах Парламента Чэшскай Рэспублікі, былы міністр замежных справаў і кіраўнік канцылярыі прэзідэнта Вацлава Гавела, і вядомая праваабаронца Тамара Чыкунова, заснавальніца ўзбекскай арганізацыі “Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў”, чыя абаліцыянісцкая дзейнасць адзначана шэрагам аўтарытэтных прэмій.
Цягам пяці дзён у Мінску пройдуць рознага кшталту імпрэзы, у тым ліку выстава тэматычных плакатаў віленскага мастака Алега Аблажэя і працаў з сусветна вядомага праекта Death Is Not Justice; прэзентацыя аўтарскага праекта фотажурналіста Сяргея Балая, прысвечанага сваякам расстраляных; публічныя лекцыі Карэла Шварцэнберга і Тамары Чыкуновай.
Амбасада Чэшскай Рэспублікі запрашае ўзяць удзел у адкрытай дыскусіі на тэму смяротнага пакарання ў Беларусі. Мерапрыемства адбудзецца 8 кастрычніка з 17:00 да 19:00 у Галерэі «Ў» (Мінск, пр-т Незалежнасці, 37а). Абмяркоўвацца будзе не толькі тэма смяротнага пакарання, але і пытанні правоў чалавека, этыкі, грамадскіх настрояў і ўплыву смяротнага пакарання на грамадства. Будзе абмеркаваны таксама вопыт іншых краін з дадзеным відам пакарання.
У завяршэнне Тыдня 10 кастрычніка – у Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання - адбудзецца прэс-канферэнцыя кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”. Таксама ў межах Тыдня ў розных гарадах Беларусі праваабаронцы зладзяць тэматычныя кінапрагляды і дыскусіі.
На жаль, Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.
Паводле ПЦ “Вясна”
Пакінуць новы каментар