Праваабаронцы патрабуюць вызвалення палітвязняў

Праваабарончы цэнтр “Вясна”, швейцарска-нямецкая асацыяцыя Libereco – Партнёрства за правы чалавека і незалежная праваабарончая арганізацыя Freedom House апублікавалі сумесную анлайн-петыцыю з патрабаваннем да прэзідэнта Беларусі Лукашэнкі вызваліць усіх палітычных зняволеных. Камітэт “Салідарнасць” цалкам падтрымлівае гэтую ініцыятыву сваіх калегаў.

Як нагадвае сайт ПЦ “Вясна”, у цяперашні час у Беларусі па палітычных матывах за кратамі знаходзяцца шэсць чалавек. Сярод іх Мікалай Статкевіч, прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі за ажыццяўленне свайго права на свабоду выказвання меркаванняў і свабоду сходаў. Былы кандыдат знаходзіцца ў зняволенні з часу прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года.

Роўна чатыры гады таму, 18 траўня 2011 года, Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка былі прысуджаныя да сямі гадоў пазбаўлення волі кожны. Дзеянні абодвух маладых людзей, магчыма, маюць прыкметы правапарушэння, аднак іх абвінавачванні разглядаюцца як несправядлівыя, а прызначанае пакаранне як празмернае. Мы лічым, што іх зняволенне з’яўляецца палітычна матываваным.

З 2010 года па палітычных матывах знаходзяцца ў зняволенні Мікалай Дзядок і Ігар Аліневіч. Яны былі прысуджаныя да пяці з паловай і васьмі гадоў турэмнага зняволення адпаведна. Маладыя людзі з’яўляюцца актывістамі нефармальных палітычных групаў і, як і іншыя палітычныя зняволеныя, знаходзяцца пад пагрозай пераследу і запалохвання ў турме. У лютым 2015 года, усяго за некалькі дзён да заканчэння першапачатковага тэрміну турэмнага зняволення ў чатыры з паловай гады, паводле абвінавачання ў парушэнні турэмнага рэжыму адбыўся суд над Мікалаем Дзядком, які быў прысуджаны да яшчэ аднаго года пазбаўлення волі.

Апошнім на дадзены момант палітвязнем у Беларусі стаў Юрый Рубцоў. У кастрычніку 2014 года ён быў прысуджаны да паўтары гады пазбаўлення волі ў выніку несправядлівага судовага разбіральніцтва, непасрэдна звязанага з яго адвольным затрыманнем падчас мірнага сходу “Чарнобыльскі шлях-2014”.

Наяўнасць палітычных зняволеных і пераслед іншадумцаў з’яўляюцца сур’ёзнымі парушэннямі правоў чалавека. Будучы краінай, якая ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, Беларусь абавязаная гарантаваць права на справядлівае і бесстаронняе судовае разбіральніцтва для ўсіх сваіх грамадзянаў, а таксама павінна была гарантаваць гэтае права падчас судоў над шасцю згаданымі вышэй палітычнымі зняволенымі.

Звернутая да прэзідэнта Лукашэнкі, петыцыя заклікае яго забяспечыць права на свабоду выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцый для ўсіх людзей у Беларусі, а таксама вызваліць усіх палітычных зняволеных у Беларусі неадкладна і безумоўна.
Калі ласка, падпішыце анлайн-петыцыю, размешчаную на некалькіх мовах: беларускай, рускай, англійскай і нямецкай.
 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку