Праваабаронцы патрабуюць спыніць цкаванне Андрэя Бандарэнкі

Беларускія праваабаронцы патрабуюць ад адміністрацыі шклоўскай калоніі спыніць цкаванне Андрэя Бандарэнкі. Адпаведны зварот адправіў у Дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП) МУС Беларусі закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр "Вясна".

Аўтары звароту ўпэўненыя, што цкаванне Андрэя Бандарэнкі ў калоніі звязана з яго праваабарончай дзейнасцю, паведамляе belapan.by.

Як вядома, Бандарэнка быў стваральнікам і кіраўніком інфармацыйна-асветнай установы "Платформа" і культурна-асветнай установы "Платформ інавейшн", якія займаліся абаронай правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі. 12 жніўня 2014 года суд прызнаў яго вінаватым па трох частках артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства, злоснае хуліганства і асабліва злоснае хуліганства) і прыгаварыў да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазней у сувязі з амністыяй тэрмін быў скарочаны да трох гадоў.

У сваім звароце праваабаронцы зазначаюць, што і ў папраўчай калоніі № 2 Бабруйска, і ў ПК № 17 Шклова, дзе адбываў і адбывае пакаранне Бандарэнка, неаднаразова ўзнікала небяспека для яго жыцця і здароўя. У мэтах бяспекі яго змяшчалі ў ізаляваныя камеры. "Гэта адбылося ў сувязі з патураннем адміністрацый калоній устанаўленню сярод зняволеных нефармальных адносін, што дазваляла ствараць умовы для жорсткага, прыніжальнага абыходжання з асобнымі асуджанымі", — гаворыцца ў звароце.

Праваабаронцы нагадваюць начальніку ДВП МУС Сяргею Дарошку, што дзяржава ў Беларусі гарантуе абарону правоў, свабод і законных інтарэсаў асуджаных. "Асуджаныя маюць права на асабістую бяспеку. Пры ўзнікненні пагрозы асабістай бяспекі асуджанага ён мае права звярнуцца з заявай аб забеспячэнні асабістай бяспекі да любой службовай асобы ўстановы, якая выконвае пакаранне. У гэтым выпадку службовая асоба абавязаная неадкладна прыняць меры па забеспячэнні асабістай бяспекі асуджанага. Начальнік установы прымае рашэнне аб пераводзе асуджанага ў бяспечнае месца або іншыя меры, якія ліквідуюць пагрозу асабістай бяспекі асуджанага", — зазначаецца ў звароце.

Яго аўтары лічаць магчымым сцвярджаць, што "з усіх магчымых мер адміністрацыя вышэйзгаданых калоній ажыццявіла толькі адну, якая не вырашае праблемы асуджанага і правапарадку ў калоніях у цэлым, а абмяжоўвае ступень яго свабоды адносна правілаў адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі".

"Кіраўніцтва калоніі, замест абароны правоў зняволенага праваабаронцы, фармальна і без уліку асаблівых умоў, створаных некаторай часткай зняволеных для А.Бандарэнкі, пры адсутнасці належнага кантролю адміністрацыі калоніі, адрэагавала на фармальнае парушэнне ім дысцыплінарных правілаў. А.Бандарэнка атрымаў некалькі дысцыплінарных спагнанняў, стаў "злосным парушальнікам" парадку адбывання пакарання, у выніку чаго быў пазбаўлены права на амністыю. Больш за тое, адміністрацыя калоніі выказала намер зрабіць больш жорсткімі ўмовы яго ўтрымання — змясціць у турму", — гаворыцца ў звароце.

Праваабаронцы заклікаюць ДВП спыніць неабгрунтаваны пераслед Бандарэнкі з боку адміністрацыі калоніі; правесці праверку ўмоў яго ўтрымання; абавязаць калонію стварыць бяспечныя ўмовы ўтрымання асуджанага, якія не прыніжалі б яго чалавечую годнасць; дазволіць Бандарэнку сустрэчу з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый.

Зварот падпісаны кіраўніком цэнтра "Вясна", былым палітвязнем Алесем Бяляцкім.

Месяцам раней група грамадзян адправіла ў ДВП калектыўны зварот з патрабаваннем спыніць катаванні ў дачыненні да Андрэя Бандарэнкі. Яны папярэдзілі: калі катаванні ў дачыненні да Бандарэнкі не спыняцца, яго сваякі і прадстаўнікі таварыства звернуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН
 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку