Праваабаронцы правялі акцыю салідарнасці з арыштаванымі анархістамі
5 лютага праваабаронцы ПЦ “Вясна” сфатаграфаваліся з плакатамі пра “першае слова на роднай мове”, якім яно можа быць у дыктатарскай краіне.
Такім чынам удзельнікі фотасесіі прадэманстравалі салідарнасць з актывістамі анархісцкага руху, беспадстаўна асуджанымі да арыштаў, паведамляе Радыё Свабода.
Раней анархісты вырабілі сэрыю плакатаў “Якое будзе тваё першае слова на беларускай мове?” з варыянтамі адказаў — “аўтазак”, “кайданкі”, “допыт”. У інтэрнэце распачалася дыскусія, ці не зневажаюць такія плакаты беларускую мову, і каб узнавіць справядлівасць, праваабаронцы вырашылі зрабіць расейскамоўныя версіі плакатаў з тэкстам “Каким будет твоё первое слово на родном языке?”.
Раней былі затрыманыя 6 актывістаў анархісцкага руху, у тым ліку і Аляксандр Францкевіч. Усіх затрыманых пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі ад 10 да 25 сутак. На кожнага быў складзены пратакол паводле артыкула 23.4 “Непадпарадкаваньне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі”, дваіх яшчэ абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы (артыкул 17.1 “Дробнае хуліганства”). ПЦ “Вясна” мае падставы меркаваць, што прычынай затрыманняў сталі акцыі супраць беспадстаўных арыштаў удзельнікаў панк-канцэрту ў клубе «Піраты».
Пакінуць новы каментар