Прадказальная непрадказальнасць
Учора вечарам Лукашэнка вызваліў усіх прызнаных праваабаронцамі палітвязняў.
На волі раптоўна апынуліся Мікалай Статкевіч, Арцём Пракапенка, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Юрый Рубцоў, Ігар Аліневіч.
Кіраўнік краіны ва ўласцівай яму манеры чарговы раз зрабіў нечаканы ход і адначасова здзівіў, збянтэжыў і парадаваў грамадзянскую супольнасць. Калі ад яго, зважаючы на ягоныя трывалыя палітычныя пазіцыі, ужо не спадзяваліся дачакацца хоць нечага людскага, ён праявіў свой аўтарытарны валюнтарызм і нагадаў усім, хто ў краіне гаспадар.
Цяжка сказаць, ці апошні крок Лукашэнкі - вынік кулуарных дамоўленасцяў з Захадам, ці гэта палітычны разлік на тое, што ягоны жэст будзе належным чынам ацэнены міжнароднай супольнасцю, ці гэта вынік планамернага ціску дэмакратычнай грамады, якая апошнім часам адважна, карыстаючы любыя магчымасці, актуалізавала пытанне палітвязняў, ці гэта "рука дапамогі" вельмі жаданаму канкурэнту на прэзідэнцкіх выбарах, які, у выпадку свайго ўдзелу да канца дапаможа срэжысіраваць "элегантную перамогу".
Але факт застаецца фактам. І сёння мы можам толькі шчыра парадавацца за пакутнікаў-палітвязняў, якія нарэшце апынуліся на свабодзе і павіншаваць іх сваякоў з гэтым, бадай налейпшым і найсвятлешым днём у іх жыцці за апошнія гады.
Пакінуць новы каментар