Прадпрымальнік дамагаецца беларускамоўнага суду
У Менскім райсудзе пачаўся працэс над актывістам прадпрымальніцкага руху Віктарам Крывалём з Узды. Яго абвінавінавачваюць у непадпарадкаваньні законным патрабаваньням міліцыі.
Нагадаем, Віктара Крываля разам з сям'ёй прадпрымальніка Аляксандра Цацуры затрымалі па дарозе ў Менск 10 студзеня, калі яны ехалі на акцыю прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы. Некалькі гадзінаў іх пратрымалі супрацоўнікі ДАІ. На прадпрымальнікаў склалі пратаколы.
Сёньняшняе судовае паседжаньне па гэтай справе працягвалася нядоўга, пасьля перапынку было вырашана перанесьці яго на 27 лютага. Аднак, як лічыць Крываль, афіцыйнае тлумачэньне і рэальнае не супадаюць: “Афіцыйна перанесьлі, паколькі ў суд не зьявіўся ніводны сьведка здарэньня. На самой жа справе таму, што я запатрабаваў, каб судовае паседжаньне вялося на беларускай мове”.
Па словах Крываля патрабаваць выкананьне канстытуцыйнага права давялося неаднаразова, аднак перанос паседжаньня адбыўся толькі тады, калі прадпрымальнік канчаткова адмовіўся адказваць на пытаньні суда, пакуль да яго не стануць зьвяртацца на роднай мове.
Паводле Радыё Рацыя