Прадстаўнікі НДА сустрэліся з міністрам замежных спраў Латвіі
20 лютага ў амбасадзе Латвійскай Рэспублікі адбылася сустрэча прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі з міністрам замежных спраў Латвіі спадаром Эдгарсам Рынкевічсам.
Падчас сустрэчы адбыўся актыўны абмен думкамі і меркаваннямі. У прыватнасці кіраўнік ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі засяродзіў увагу на тым, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі стабільна дрэнная. У краіне ёсць шэсць палітычных зняволеных. Асаблівую трывогу выклікаюць становішча Мікалая Дзядка, над якім ў калоніі 25 лютага адбудзецца чарговы суд, а таксама Юрыя Рубцова, якому пагражае перавод з “хіміі” ў калонію. Прычым колькасьць палітычных зняволеных можа імкліва павялічыцца, таму як улады не збіраюцца дэмакратызаваць грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне і ўсе рэпрэсіўныя інструменты застаюцца.
Працягваецца пераслед палітычных актывістаў праз надуманныя адміністратыўныя парушэнні. У краіне задушаныя ўсе грамадзянскія і палітычныя свабоды, пераследуюцца журналісты і праваабаронцы, застаецца смяротнае пакаранне. Больш за тое, апошнія кампаніі па барацьбе з дармаедствам, усё больш папулярная ва ўладаў прымусовая праца накіраваныя на абмежаванне правоў значна больш шырокіх сацыяльных групаў у Беларусі, чым толькі грамадзянскіх актывістаў.
Алесь Бяляцкі заклікаў Еўрапейскі Саюз, які зараз прадстаўляе Латвія, не ісці па шляху “азербайджанізацыі” Беларусі, не пагаджацца з масавымі і усеабдымнымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, не зніжаць планку патрабаванняў да ўладаў у галіне захавання правоў чалавека.
У той самы час – працягваць намаганні па лібералізацыі візавага рэжыму паміж Еўрасаюзам і Беларуссю з тым, каб у бліжэйшай перспектыве выйсці на бязвізавы рэжым паміж грамадзянамі ЕС і Беларусі.
Алесь Бяляцкі заклікаў міністра Рынкевічса запрасіць на саміт Еўрапейскага партнёрства, які адбудзецца у траўні гэтага году ў Рызе, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі, з тым, каб падчас саміту быў таксама пачуты голас беларускіх дэмакратычных колаў, якія змагаюцца за правы чалавека і вольную дэмакратычную Беларусь.
Паводле ПЦ "Вясна"
Пакінуць новы каментар