Пракуратура выставіла абвінавачанне актывістам "Маладога фронту"

Пракуратура Менску выставіла абвінавачаньне актывістам “Маладога фронту” Зьмітру Хведаруку і Алегу Корбану. Юнакоў падазраюць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі — што стала ўжо звыклай фармулёўкай для перасьледу маладых актывістаў апазыцыі.
Зьмітра Хведарука, які толькі выйшаў з турмы на Акрэсьціна пасьля пяці дзён адміністрацыйнага арышту, 28 сакавіка выклікалі ў пракуратуру для допыту і азнаямленьня з абвінавачаньнем. Актывіста “Маладога фронту” падазраюць ва ўдзеле ў дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі. Нагадаю, паводле апошніх паправак у Крымінальны кодэкс, такі ўдзел лічыцца злачынствам і можа карацца зьняволеньнем да двух гадоў.
Гаворыць Зьміцер Хведарук:

“Мне далі напісаць паперу, у якой я мусіў адказаць, ці прызнаю сваю віну. У мяне былі падвойныя пачуцьці, я вагаўся, але ў выніку прызнаў віну часткова. Прызнаў, што браў удзел у дзейнасьці “Маладога фронту”, але не пагадзіўся з тым, што гэта незаконная дзейнасьць, бо гэты 193-ці артыкул супярэчыць Канстытуцыі. Да 4 красавіка будуць працягвацца допыты, і тады будзе зразумела, калі будзе нейкі суд. Верагодна, што празь месяц”.

Такое ж абвінавачаньне вылучылі й Алегу Корбану. Зь юнакоў у пракуратуры ўзялі падпіскі пра нявыезд. Між тым некаторыя моманты гутаркі са сьледчым Зьміцер Хведарук успрыняў як празрысты намёк выехаць за мяжу:
“Сьледчы спадар Грахоўскі ўсё напяваў мне песьню “Я нарадзіўся тут” і пра тое, што “квіток ў адзін бок — гэта шанец для тых, хто ня згодны”. На гэта я згадаў яму радок, што “я нарадзіўся тут і застануся жыць тут”. Ён таксама казаў, каб падумаў пра будучыню. Карацей, не выключаю, што ўлады сапраўды давядуць справу супраць нас да турмы”.

інфармацыя: радыё "Свабода"