Пракурор патрабуе аштрафаваць актывістаў «Маладога Фронту»
Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў аштрафаваць актывістаў “Маладога Фронту” Алега Корбана, Барыса Гарэцкага, Насту Палажанку і Змітра Хведарука на суму ў 500 базавых велічынь (15.500.000 беларускіх рублёў – 7.242 даляраў ЗША) кожнага. Відавочна, што ўлады вырашылі не абвастраць сітуацыю з палітычным пераследам моладзевых актывістаў. Нагадаем, што лідэр “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч раней быў прысуджаны да 1,5 гадоў пазбаўлення свабоды ў калоніі агульнага рэжыму.
Дзяржаўны абвінаваўца заявіў падчас выступу, што “Малады Фронт” хоча захапіць палітычную ўладу ў краіне шляхам масавых вулічных акцый. Доказам гэтаму нібыта з`яўляюцца раздрукоўкі тэлефонных гутарак, а таксама аўдыёзапісы сходаў МФ, якія адбыліся 29 верасня 2006 года, 25 студзеня, 29 студзеня, 1 лютага і 4 лютага 2007 года.
Крымінальная справа супраць Змітра Хведарука, Барыса Гарэцкага, Алега Корбана, Аляксея Янушэўскага, і Насты Палажанкі ўзбуджаная за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі па артыкуле 193-1 КК РБ.
Змітра Хведарука, у прыватнасці, абвінавачваюць у тым, што ён кіраваў Першамайскай радай МФ, Алега Корбана – Партызанскай, Аляксея Янушэўскага – Завадской, Барыса Гарэцкага ў тым, што ён быў прэс-сакратаром арганізацыі, Насту Палажанку ў тым, што яна ўзначальвала арганізацыйны аддзел.
Усе абвінавачванні засноўваюцца на канфіскаваных падчас ператрусаў друкаваных матэрыялах і носьбітах інфармацыі, у прыватнасці, сістэмных блоках і вінчэстэрах.