Прафесійная юрыдычная дапамога – бясплатна. А Вы маеце магчымасьць аплаціць паслугі адваката?
Мабыць вы ўжо заўважылі, што наступствы фінансавага крызісу - ў выглядзе абмяжаваньня выплаты крэдытаў, скарачэньня штатаў, павелічэньня звальненьняў, паніжэньня пакупальніцкай здольнасьці і г.д. — пачалі адчувацца ў Беларусі ? Як адзначаюць сацыёлагі, ва ўмовах крызісу запатрабаваньне насельніцтва ў юрыдычных паслугах павялічваецца гэтак жа, як і разрыў паміж магчымасьцямі розных катэгорый грамадзянаў аплаціць іх.
У першую чаргу, запатрабаваньне ў прафесійнай абароне правоў паўстае ў тых, хто ня мае магчымасьцяў аплачваць паслугі адвакатаў. Гэта традыцыйныя групы сацыяльна неабароненых грамадзянаў.
Часткай сацыяльнай палітыкі зьяўляецца падаваньне грамадзянам юрыдычнай дапамогі, каторая субсідуецца дзяржавай(бясплатнай для атрымальніка).
Аб тым, дзе, каму, ў якіх выпадках юрыдычная дапамога павінна быць аказана бясплатна адвакатамі і пойдзе размова.
Куды зьвяртацца?
Закон выразна вызначае, што аказаньне кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі пры ажыцьцяўленьні абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзянаў - галоўная задача адвакатуры. Пытаньні прадстаўленьня юрыдычнай дапамогі бясплатна для яе атрымальнікаў рэгулююцца таксама ў асноўным заканадаўстве аб адвакатуры.
Такім чынам, для атрыманьня бясплатнай юрыдычнай дапамогі неабходна зьвяртацца да адваката, які працуе ў юрыдычнай кансультацыі па месцы Вашага жыхарства. Юрыдычныя кансультацыі функцыянуюць у кожным раёне Беларусі (у гарадах абласнога падначаленьня - у кожным раёне горада). Адрэса і тэлефон патрэбнай Вам юрыдычнай кансультацыі можна ўдакладніць па тэлефоне даведкавай службы, дзеючай у вашым населеным пункце, альбо на сайце Беларускай Рэспубліканскай калегіі адвакатаў.
Прыём грамадзянаў па пытаньнях аказаньня бясплатнай юрыдычнай дапамогі ажыцьцяўляецца дзяжурным адвакатам юрыдычнай кансультацыі.
Юрыдычная дапамога, якую аказваюць адвакаты, па-за залежнасьцю ад асновы яе падаваньня (платная або бясплатная) уключае:
- кансультацыі і растлумачэньні па юрыдычных пытаньнях, вусныя і пісьмовыя даведкі па заканадаўстве;
- складаньне заяў, скаргаў і іншых дакумантаў прававога характару;
- ажыцьцяўленьне прадстаўніцтва ў судах і іншых органах і арганізацыях па грамадзянскіх справах і справах аб адміністрацыйных правапарушэньнях;
- удзел у папярэднім сьледстве і ў судзе па крымінальных справах у якасьці абаронцаў, а таксама прадстаўнікоў пацярпелых, грамадзянскіх пазаўнікоў, грамадзянскіх адказьнікаў;
- іншую прававую дапамогу.
Хто і ў якіх выпадках мае права на бясплатную юрыдычную дапамогу?
Права грамадзянаў на бясплатную юрыдычную дапамогу гарантаванае артыкулам 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: «Кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыцьцяўленьня і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіраваньня, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадзкіх аб’яднаньнях і ў адносінах з службовымі асобамі і грамадзянамі. У выпадках, прама прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за рахунак дзяржаўных сродкаў. Процідзеяньне аказаньню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забароненае».
Такім чынам, Канстытуцыя, з аднаго боку, гарантуе права на бясплатную юрыдычную дапамогу кожнаму, зь іншага боку, абмяжоўвае гэта права вакол «выпадкаў, прама прадугледжаных законам».
Разгледзім гэтыя выпадкі.
Выпадак першы: катэгорыі спраў
Возьмем у якасьці прыкладу такую сытуацыю. Вас звольнілі, не выплаціўшы выхадной дапамогі. Вы ня згодны з падставамі звальненьня і з тым, што не атрымалі грошай і жадаеце падаць на былога працадаўцу ў суд. Як правільна напісаць пазоўную заяву? Якія нормы заканадаўства ў дадзеным выпадку парушаныя? Гэтыя і іншыя пытаньні вы сьмела можаце задаць адвакату. А ён абавязаны аказаць Вам кваліфікаваную юрыдычную дапамогу: растлумачыць са спасылкай на акты заканадаўства, як зрабіць так, каб Вашыя правы былі адноўленыя, падрыхтаваць дакуманты для звароту ў суд і ўяўляць тамака Вашыя інтарэсы. Бясплатна. Да гэтага яго абавязвае арт. 6 Закона "Аб адвакатуры".
У адпаведнасьці з дадзеным артыкулам і некаторымі іншымі актамі заканадаўства да катэгорый спраў, па якіх юрыдычная дапамога аказваецца бясплатна пазоўнікам у судах першай інстанцыі (пры першым звароце ў суд) адносяцца справы,
- зьвязаныя з працоўнымі праваадносінамі арт. 6 Закона "Аб адвакатуры")
- аб спагнаньні аліментаў арт. 6 Закона "Аб адвакатуры")
- аб пакрыцьці шкоды, нанесенай калецтвам або іншым пашкоджаньнем здароўя, зьвязаным з працай арт. 6 Закона "Аб адвакатуры")
- аб пакрыцьці шкоды, нанесенай сьмерцю карміцеля (Пастанова Прэзідыума Рэспубліканскай калегіі адвакатаў ад 28.12.2004г. № 49 "Аб некаторых пытаньнях аказаньня бясплатнай юрыдычнай дапамогі").
Выпадак другі: катэгорыі грамадзянаў
Вы маеце права на атрыманьне бясплатнай юрыдычнай дапамогі, калі Вы:
- удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, вайсковец тэрміновай ваеннай службы пры звароце за кансультацыяй па пытаньнях, ня зьвязаных з прадпрымальніцкай дзейнасьцю, а таксама не патрабуючых азнакамленьня са справай (Пастанова Прэзідыума Рэспубліканскай калегіі адвакатаў ад 20.09.2000 года "Аб некаторых пытаньнях аказаньня бясплатнай юрыдычнай дапамогі");
- інвалід I і II групы пры звароце за кансультацыяй, каторая не патрабуе азнакамленьня са справай (арт. 6 Закона "Аб адвакатуры");
- грамадзянін, ня згодны з рашэньнем выбарчай камісіі пры звароце за кансультацыяй па пытаньнях аб няправільнасьці ў сьпісах выбарнікаў (Пастанова Прэзідыума Рэспубліканскай калегіі адвакатаў ад 28.12.2004 года "Аб некаторых пытаньнях аказаньня бясплатнай юрыдычнай дапамогі");
- грамадзянін, які не дасягнуў 18 гадоў пры звароце за кансультацыяй і складаньнем у Вашых інтарэсах прававых дакумантаў аб узбуджэньні спраў у судах (Пастанова Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 11.12.2007г. № 86 "Аб некаторых пытаньнях аказаньня бясплатнай юрыдычнай дапамогі");
- грамадзянін, упаўнаважаны заканадаўствам ажыцьцяўляць абарону правоў і законных інтарэсаў дзяцей, пры звароце аб складаньні пазоўнай заявы аб пазбаўленьні бацькоў бацькоўскіх правоў у прадугледжаных заканадаўствам выпадках (Пастанова Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 11.12.2007г. № 86 "Аб некаторых пытаньнях аказаньня бясплатнай юрыдычнай дапамогі").
Як бачна з прыведзеных вышэй нормаў заканадаўства, бясплатная юрыдычная дапамога некаторым катэгорыям грамадзянаў аказваецца пры ўмове, што пытаньне, па якім патрэбна кансультацыя, ня зьвязанае з прадпрымальніцкай дзейнасьцю, а таксама не патрабуе азнакамленьня са справай.
Прадпрымальніцкай дзейнасьцю, у адпаведнасьці с арт. 1 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь", зьяўляецца самастойная, ініцыятыўная дзейнасьць грамадзянаў, каторая накіраваная на атрыманьне прыбытку або асабістага прыбытку і ажыцьцяўляецца ад свайго імя, на сваю рызыку і пад сваю маёмасную адказнасьць або ад імя і пад маёмасную адказнасьць юрыдычнай асобы (прадпрыемства). Што дакранаецца кансультацый, "не патрабуючых азнакамленьня са справай", то заканадаўства не зьмяшчае на гэтай падставе якіх-небудзь растлумачэньняў. У якімсьці сэнсе гэтае пытаньне пакінута на меркаваньне адваката і залежыць ад яго прафесіяналізму і маральных якасьцяў. У той жа час, відавочна, што не патрабуюць азнаямленьня з справай кансультацыі, датычныя растлумачэньня нормаў заканадаўства, складаньня простых дакумантаў прававога характару (напрыклад, калі вы зьвяртаецеся з пытаньнем, ці маеце права на паляпшэньне жыльлёвых умоў; што рабіць, калі вам не вяртаюць запазычанасьць; як аформіць права на спадчыну; як скласьці скаргу на ЖЭС і па іншых пытаньнях, не патрабуючых дэталёвага вывучэньня дакумантаў і папярэдняй падрыхтоўкі адваката да кансультацыі).
Пры звароце ў юрыдычную кансультацыю неабходна мець пры сабе дакумент, які пацьвярджае Вашу прыналежнасьць да адпаведнай катэгорыі асобаў - атрымальнікаў бясплатнай юрыдычнай дапамогі.
Выпадак трэці: саломінка для тапельца.
Бясплатная юрыдычная дапамога аказваецца таксама грамадзянам, якія зьяўляюцца падазраванымі або абвінавачанымі ў зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства. Парадак і выпадкі аказаньня бясплатнай юрыдычнай дапамогі дадзенай катэгорыі асобаў урэгуляваны нормамі крымінальна-працэсуальнага заканадаўства (арт. 17, 41, 43, 45 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).
Юрыдычная дапамога аказваецца ў выглядзе бясплатнай першай кансультацыі да пачатку першага допыту: падазраванаму - у выпадку затрыманьня або ўжываньні меры спагнаньня ў выглядзе зняволеньня пад варту (п. 5 ч. 2 арт. 41 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь); абвінавачанаму - у выпадку ўжываньня меры спагнаньня ў выглядзе зняволеньня пад варту (п. 4 ч. 2арт. 43 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).
Наступная юрыдычная дапамога ў форме прадстаўніцтва аказваецца адвакатамі па прызначэньні, а таксама (у выпадку вызваленьня асобы цалкам або часткова ад аплаты юрыдычнай дапамогі) па рашэньні органаў, каторыя кіруюць крымінальным працэсам (орган крымінальнага перасьледу і суд).
Аднак тут варта зьвярнуць увагу на тое, што юрыдычная дапамога, аказваемая падазраваным і абвінавачваным зьяўляецца адносна бясплатнай. У выпадку прызнаньня асобы вінаватым, зь яго будуць спагнаныя выдаткі па аказаньні яму юрыдычнай дапамогі.
Толькі ў выпадку прызнаньня асуджанага маёмасна незабясьпечаным, а таксама, калі гэтая асоба была вызваленая ад аплаты юрыдычных паслуг органам, каторы кіруюе крымінальным працэсам (што на практыцы зьяўляецца вельмі рэдкай зьявай) - ён не будзе аплачваць выдаткі, зьвязаныя з аказаньнем яму юрыдычнай дапамогі.
Іншыя выпадкі
Дзейсным заканадаўствам прадугледжаныя таксама іншыя выпадкі, калі аказаньне бясплатнай юрыдычнай дапамогі абавязкова пры патрабаваньні гэтага права грамадзянамі.
Так, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб прадухіленьні наступстваў гандлю людзьмі" ад 8 жніўня 2005 года № 352 усталявана, што сацыяльная абарона і рэабілітацыя ахвяр гандлю людзьмі ажыцьцяўляюцца бязвыплатна і ўключаюць прававую дапамогу, у тым ліку бясплатную юрыдычную дапамогу, якая прадстаўляецца калегіямі адвакатаў. Прававая дапамога ахвярам гандлю людзьмі, каторыя не дасягнулі 14 гадовага ўзросту, аказваецца іх законным прадстаўнікам.
Бясплатную юрыдычную дапамогу і кансультацыі па пытаньнях ужываньня нормаў дзейснага заканадаўства падаюць таксама прафсаюзы сваім сябрам ("Дамова паміж Менскім абласным выканаўчым камітэтам, Менскім абласным аб'яднаньнем прафсаюзаў і Рэспубліканскім зьвязам наймальнікаў на 2005- 2008 гады" ад 19 верасьня 2005 году).
Акрамя таго, некаторымі нормамі заканадаўства прадугледжаныя іншыя выпадкі атрыманьня юрыдычнай дапамогі, хоць асновы яе атрыманьня (платная або бясплатная) ня вызначаныя.
Так, дзяржавай гарантуюцца кансультацыі па прававых пытаньнях і аказаньне іншых выглядаў юрыдычнай дапамогі ў адпаведнасьці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб псіхіятрычнай дапамозе і гарантыях правоў грамадзянаў пры яе аказаньні".
Псіханеўралагічны інтэрнат аказвае інвалідам і састарэлым грамадзянам юрыдычную дапамогу па прававых пытаньнях, прыцягваючы для гэтага ў неабходных выпадках за адпаведную зарплату адмыслоўцаў ("Палажэньне аб псіханеўралагічным інтэрнаце Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь").
Выканаўчыя камітэты таксама абавязаныя арганізоўваць растлумачэньне заканадаўства Рэспублікі Беларусь і аказаньне юрыдычнай дапамогі насельніцтву (Закон Рэспублікі Беларусь "Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні ў Рэспубліцы Беларусь").
Нясьціплае, але важнае пытаньне .
Што рабіць, калі Вы не адносіцеся да катэгорыі грамадзянаў, каторыя маюць права на атрыманьне бясплатнай юрыдычнай дапамогі, але вам востра патрабуецца такая дапамога, а сродкаў на аплату паслугаў адваката ў вас нядосыць?
У гэтым выпадку Вы можаце зьвярнуцца зь пісьмовай заявай аб вызваленьні ад аплаты юрыдычнай дапамогі да загадчыка юрыдычнай кансультацыяй і/або ў прэзідыум калегіі адвакатаў. У адпаведнасьці з п.4 Пастановы Міністэрствы юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 11.12.2007г. № 86 "Аб некаторых пытаньнях аказаньня бясплатнай юрыдычнай дапамогі, у выпадках, прама не прадугледжаных заканадаўствам", бясплатная юрыдычная дапамога аказваецца на падставе пастановы прэзідыума калегіі адвакатаў або распараджэньні загадчыка юрыдычнай кансультацыяй аб вызваленьні чалавека, каторы зьвярнуўся за юрыдычнай дапамогай, цалкам або часткова ад яе аплаты. Адпаведнае рашэньне выносіцца ў 10-дзённы тэрмін са дня падачы грамадзянінам заявы.
Дадатковая інфармацыя
Звычайна грамадзянам, не абцяжараным веданьнем юрыдычнай лексікі, цяжка зразумець з першага разу сэнс аказваемай ім "кваліфікаванай" кансультацыі. У гэтым выпадку неабходна запомніць, што найважнейшае - каб Вы вышлі з кабінета адваката з выразным разуменьнем таго, як Вы можаце абараніць свае інтарэсы. Гэта - Ваша законнае права. І забясьпечыць яго рэалізацыю - прафесійны абавязак адваката. Задавайце пытаньні, прасіце ўзоры дакумантаў, копіі нарматыўных актаў. А калі аказваемая "юрыдычная кансультацыя" прыйме форму, якая вас не задаволіць, дамагайцеся якаснай кансультацыі - гэта Ваша законнае права, якое гарантаванае дзяржавай, а выкананьне гэтага абавязку даручана дзяржавай адвакатуры.
Калі вы маеце права на бясплатную юрыдычную дапамогу і, калі па розных чыньніках вы не змаглі яе атрымаць у юрыдычнай кансультацыі - паведамляйце аб гэтым па тэлефоне даверу Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь (8-017) 306-37-30.
Падрыхтавана юрыдычнай службай “Цэнтра прававой трансфармацыі”