"Праўдзівая і аб'ектыўная кніга". Фотарэпартаж Антона Сурапіна
17 студзеня ў галерэі «Ў» адбылася прэзентацыя кнігі “Справа Бяляцкага”.
Аўтар, журналіст Радыё “Свабода” Валер Каліноўскі прызнаўся, што пісаў кнігу “калектыўна” - браў дзясяткі інтэрв'ю, сустракаўся з людзьмі, якія добра ведалі Алеся Бяляцкага, працавалі з ім.
“Праўдзівая і аб'ектыўная кніга, у якой аўтар паказаў Бяляцкага такім, якім яго ведаюць старыя знаёмыя і сябры”, - распачаў імпрэзу публіцыст Сяргей Дубавец.
«Мы ўсе, хто тут сабраўся, ведаем Алеся і верым, што ён невінаваты. Але, калі б мы так напісалі гэтую кнігу, то гэта была б кніга толькі для нас саміх. А нашая задача была — напісаць дакументальную кнігу. Прапаганда кажа, што Бяляцкі “купаецца ў раскошы”, скраў грошы ў дзяржавы, таму сядзіць у турме. Паспрабуй яго адмый пасля такога. Таму мы сабралі факты, каб паказаць, што не купаўся ён у раскошы, не ездзіў на шыкоўных машынах, як казалі па дзяржаўнай тэлевізіі. Валер паказаў Бяляцкага такім, якім яго ведаем мы, для тых людзей, якія яго не ведаюць. Мы пісалі кнігу так, каб яна была даступная і на іншых мовах. Я хачу пажадаць гэтай кнізе як мага шырэйшага жыцця», - цытуе С. Дубаўца Радыё “Свабода”.
Праваабаронца Таццяна Равяка зачытала апошні атрыманы ад Алеся Бяляцкага ліст з турмы. «Найперш мы адчуваем павагу да Алеся за тое, што ён сабраў нас. Не ведаю, як мы зможам яму аддзячыць, узнавіць вось гэтыя гады, якія ён знаходзіцца за кратамі. Але “Вясна” працуе. “Вясна” была, ёсць і будзе», - адзначыла праваабаронца.
Таксама ў прэзентацыі ўзялі ўдзел праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч і Паліна Сцепаненка, жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук, юрыст Гары Паганяйла, палітык Аляксандр Мілінкевіч, філосаф Валянцін Акудовіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў, бард Эдуард Акулін і многія іншыя прадстаўнікі беларускай грамадскасці і інтэлегенцыі. Наведаў імпрэзу таксама Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч.
Нагадаем, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра ”Вясна” Алесь Бяляцкі абвінавачаны ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры. У лістападзе 2011 года суд прыгаварыў яго да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не прыняў да ўвагі той факт, што грошы, якія паступалі на гэтыя рахункі, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Не было прынята да ўвагі і тое, што ўрон, які, згодна з версіяй суда, нанёс Бяляцкі, быў поўнасцю кампенсаваны за кошт добраахвотных ахвяраванняў беларускіх грамадзян.
Арышт Бяляцкага выклікаў шырокі рэзананс. Беларускі праваабаронца аб’яўлены вязнем сумлення, яго вызвалення патрабуе міжнародная дэмакратычная грамадскасць, кіраўніцтва Еўрасаюза і ЗША.
Пакінуць новы каментар