Пра датэрміновае вызваленне Мікалай Аўтуховіч не думае…
Амаль палову тэрміна правёў за кратамі прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч. Асуджаны за нявыплату падаткаў Аўтуховіч з самога пачатку заяўляў, што яго справа палітычная, што ўлады не даравалі яму крытыкі падатковых і праваахоўных органаў. Да суда ў знак пратэсту прадпрымальнік галадаў 70(!) дзён. Аўтуховіч страціў 40 кілаграмаў вагі, яго прывезлі ў калонію ў вельмі цяжкім стане.
Прысуд суду быў суровы. Мікалая Аўтуховіча прызналі вінаватым ва ўхіленні ад падаткаў і пазапраўнай прадпрымальніцкай дзейнасці, у выніку чаго мясцовы бюджэт панёс страты ў памеры 1 мільярда 92 мільёнаў беларускіх рублёў. Аўтуховіча асудзілі на 3 з паловай гады зняволення з канфіскацыяй маёмасці. У кошт пагашэння шкоды была апісаная і арыштавана яго маёмасць.
– Гэтая справа падарвала здароўе не толькі Мікалаю, – гаворыць лепшы сябар Аўтуховіча Уладзімір Асіпенка. – Яго жонка Алена дагэтуль адмаўляецца размаўляць з журналістамі пра мужа. Яна столькі вынесла, ад адных перажыванняў можна было зарабіць якія заўгодна хваробы...
У гэтыя выходныя Алена была ў мужа ў калоніі на доўгатэрміновым спатканні. Тры дні яны правялі разам. Лена гаворыць, што Мікалай пачуваецца значна лепш, паправіўся, выглядае добра. Дысцыплінарных парушэнняў у яго няма, турэмны рэжым ён выконвае. Увесь свабодны час шмат чытае, гуляе ў шахматы.
– Жонка, пэўна, распавяла яму пра тое, што ў краіне выходзяць на волю палітвязні. Як Мікалай адрэагаваў на гэтую навіну, сам ён не разлічвае на ўмоўна-датэрміновае вызваленне?
– Наколькі я ведаю, ніякіх заяў пра датэрміновае вызваленне Мікалай не пісаў. Ён не прызнаў сваёй віны, заўсёды падкрэсліваў, што гатовы сядзець у турме ўвесь тэрмін... Ён упэўнены, што справа яго будзе перагледжаная. Калі б яго першапачаткова разглядалі па законе, то бізнэс у Аўтуховіча не адабралі б, не пазбаўлялі б людзей, якія ў яго працавалі, працоўных месцаў. Ды і меру пакарання ў дачыненні Аўтуховіча, як казалі яго адвакаты, суд мог бы абраць іншы. За няплату падаткаў караюць абмежаваннем свабоды, а Мікалая адправілі за краты. Хто выйграў ад гэтага? Мікалай у турме, людзі змушаныя былі туляцца ў пошуках працы, палова машын і сёння стаіць пад плотам, мясцовы бюджэт не атрымоўвае падаткі... Вядома, пакуль рана казаць пра будучыню, але думаю, Мікалай даможацца перагляду сваёй крымінальнай справы і апраўдання...
Надзея Станкевіч, адвакатка: «Вярхоўны суд абмежаваўся адпіскамі»
– Рашэнне суду мы абскардзілі ва ўсіх вышэйшых інстанцыях, — гаворыць Надзея Генрыхаўна. – У тым ліку і ў Вярхоўным судзе.
У Вярхоўны суд мы накіравалі дзве падрабязныя і матываваныя наглядныя скаргі. Адна наша скарга змясцілася на 17 старонках, другая практычна такая ж па аб`ёме. А Вярхоўны суд абмежаваўся адпіскамі. Адказы вышэйшай судовай інстанцыі змясціліся ў некалькі абзацаў і змяшчалі агульныя фразы — “выкладзеныя ў прысудзе высновы аб вінаватасці Аўтуховіча з`яўляюцца правільнымі”, і ён павінен адбываць пакаранне. Ні па адным з сваіх довадаў я не атрымала адказу. Такі фармальны падыход мяне вельмі засмучае.
Мой падабаронны мае права ў парадку нагляду звярнуцца да старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы. Цяпер гэтую скаргу мы і рыхтуем.
Вольга Грыневіцкая, «Народная воля»