Прэвентыўны нагляд, як другое пакаранне за адну правіну
Юрыст Павал Сапелка на сайце palitviazni.info каментуе працягу надзору ваўкавыскаму пардпрымальніку, былому палітвязню Мікалаю Аўтуховічу.
"Я неаднаразова заяўляў, што ўстанаўленне прэвентыўнага нагляду тым, хто ў поўным аб’ёме адбыў прызначанае пакаранне, не адпавядае прынцыпам, замацаваным у агульнай часткі Крымінальнага кодэкса: крымінальная адказнасць рэалізуецца ў асуджэнні з ужываннем прызначанага пакарання; з адтэрміноўкай выканання прызначанага пакарання; з умоўным непрымяненнем прызначанага пакарання; без прызначэння пакарання. Такім чынам, прэвентыўны нагляд, які прадугледжвае сур’ёзныя абмежаванні правоў, прызначаецца асобам, у дачыненні да якіх ужо ў поўнай меры рэалізавана крымінальная адказнасць.
У дачыненні да палітвязняў прэвентыўны нагляд выкарыстаны ўладамі ва ўсёй яго красе: некаторыя з вызваленых палітвязняў былі асуджаныя за парушэнні яго правілаў; хтосьці, баючыся незаконнага асуджэння, выехаў са сталіцы.
Калі год таму Мікалай быў вызвалены з турмы, ягоныя праблемы са здароўем настойліва патрабавалі кваліфікаванага медыцынскага ўмяшання. У поўным аб’ёме медыцынская дапамога магла быць аказана ў Мінску, аднак, каб выехаць у сталіцу, нават з рэкамендацыяй мясцовага лекара, спатрэбілася дзень за днём абіваць парогі райаддзела міліцыі: выехаць на лячэнне Аўтуховічу забаранялі, затое потым дазволілі … змяніць на час месца жыхарства на Мінск. Гэта дазволіла яму прайсці курс абследавання ў шпіталі.
Потым местачковыя праваахоўнікі паспрабавалі груба зляпіць у дачыненні да былога палітвязня абвінавачанне ў парушэннях правілаў валютных аперацый, але гэты прадукт іх фантазій ня прыйшоўся да густу нават мясцоваму суду, і ў судзе справа з трэскам развалілася.
Калі падышоў да канца год, на які Мікалай Аўтуховіч быў абмежаваны ў сваіх правах, міліцыя звярнулася ў суд з хадайніцтвам пра падаўжэнне прэвентыўнага нагляду. І пакуль суд і пракуратура самастойна вызначалі сваё стаўленне да праблемы, іх пазіцыя была адназначнай: паводзіны былога палітвязня на працягу года не давалі падстаў для задавальнення хадайніцтва РАУС.
Аднак, праз некалькі дзён усе кардынальна змянілася, і ў абласны суд быў накіраваны прыватны пратэст пракурора з патрабаванне пастанову суда адмяніць.
Тое, што адбывалася далей, інакш, чым пародыяй на правасуддзе не назавеш: спачатку Аўтуховіча пазбавілі права на абарону, правёўшы судовае пасяджэнне калегіі ў адсутнасць абранага ім абаронцы. Далей – больш. Ужо на наступны дзень у Ваўкавыскім судзе разгледзелі гэтую справу зноў і падоўжылі нагляд, бо гэта, відавочна, было вельмі важна для тых, хто прыглядае за Аўтуховічам пасля яго вызвалення. Суд не збянтэжыла нават адсутнасць героя падзей – раніцай таго дня Мікалай на «хуткай» трапіў у бальніцу.
Вядома, у скарзе Мікалая і яго абаронцы будзе пералічана вельмі шмат розных парушэнняў, якія дапусціў, не саромеючыся, суддзя. Можна сыпаць цытатамі з закона, які павінен быў працаваць у інтарэсах грамадзяніна Беларусі. Але хочацца замест гэтага задаць пытанне: ці не сорамна?"
Пакінуць новы каментар