Псыхічная атака

kdb1.jpg

У апошнія дні ў дачыненьні маладзевых актывістаў партый АГП і БНФ разгарнулася цэлая кампанія псыхалягічнага ўзьдзеяньня з боку беларускіх спэцслужбаў.

 

Маладым людзям тэлефануюць дахаты і на працу, па мабільнай і стацыянарнай сувязі. Супрацоўнікі КДБ заяўляюць аб сваёй гатоўнасьці прыйсці нават да іх дахаты, каб паразмаўляць, так бы мовіць, па душах.

Камітэтчыкі цікавяцца падрабязнасьцямі нядаўняй паездкі моладзі ў Бельгію па запрашэнні эўрапейскіх структураў. Калі ж у слухаўцы чуецца катэгарычная адмова або прапанова даслаць аформленую ў належным выглядзе позву, супрацоўнікі КДБ заяўляюць аб непрыемнасьцях, якія абавязкова напаткаюць маладых людзёў ва ўнівэрсітэце ці на працы.

У сувязі з ціскам спецслужбаў на маладзёвых актывістаў лідэр АГП  Анатоль Лябедзька накіраваў зварот у прыёмную кіраўніка КДБ Юрыя Жадобіна.

- Як кіраўнік арганізацыі, у якую ўваходзяць маладыя людзі, я вымушаны быў напісаць ліст да спадара Жадобіна і паставіць перад ім шэраг пытаньняў. Прынамсі, мне не зразумела, у адпаведнасьці з якім законам адбываецца такая практыка, калі людзі, якія былі за мяжою, абавязаныя зьявіцца ў КДБ і зрабіць справаздачу аб тым, дзе яны былі і з кім сустракаліся.

Варта нагадаць, што падобныя факты запужваньня й вэрбоўкі маладых актывістаў становяцца вядомымі ўжо ня першы раз. Хваля гэтая распачалася з “Маладога фронту” яшчэ ў 2001 годзе і закранула дзесяткі дэмакратычных арганізацыяў.

Тады ўвагу грамадскасьці прыцягнула самазабойства маладзевага актывіста з Гомелю Андрэя Зайцава, які ў сваім перадсьмяротным пасланьні назваў ня толькі прычыну суіцыду, але і прозьвішча супрацоўніка КДБ, які вымусіў яго гэта зрабіць, аднак тады ніхто са спэцслужбоўцаў адказнасць за сьмерць маладога чалавека не панёс.

Павел Севярынец, заснавальнік і колішні лідэр “Маладога фронту”, ведае не адзін дзесятак выпадкаў, калі супрацоўнікі КДБ і іншых органаў спрабавалі вербаваць моладзевых актывістаў.

- Шмат разоў падчас знаходжаньня на так званых сутках мне спрабавалі навязваць рознага роду супрацоўніцтва. Асабліва моцна гэта адчувалася перад тым, як у Беларусі зьяўлялася нейкая новая палітычная крымінальная справа.

З пытаннем аб тым, наколькі правамерныя такія дзеянні спецслужбаў, мы зьвярнуліся да праваабаронца Валянціна Стэфановіча.

- Мы калісьці нават рыхтавалі адмысловую памятку для дэмакратычных актывістам, якія сутыкаюцца са спробамі вербоўкі альбо выклікамі на размову. Зрэшты, супрацоўнікі КДБ у адпаведнасьці з заканадаўствам маюць права браць з грамадзянаў тлумачэньні, аднак любы чалавек, які не зьяўляецца фігурантам нейкага крымінальнага сьледства можа на законных падставах проста адмовіцца ад дачы любых тлумачэньняў.

Ці адкажа старшыня КДБ Юрый Жадобін на заяву Анатоля Лябедзькі невядома, але актывісты АГП ужо зараз заяўляюць, што будуць як мага падрабязьней інфармаваць грамадзкасьць аб спробах вербоўкі і дамагацца спыненьня ўціску на маладзёнаў.

Паводле радыё Рацыя

 

На нашым сайце вы таксама можаце азнаёміцца, як сябе паводзіць у падобных выпадках