Рух “За Свабоду” звярнуўся да рэктараў ВНУ з папярэджаннем

Сёння прадстаўнікі руху “За Свабоду” дашлюць лісты рэктарам амаль 30 беларускіх універсітэтаў з папярэджаннем аб персанальнай адказнасці за кожны выпадак адлічэння студэнтаў-удзельнікаў апазіцыйных вулічных акцыяў. Летась паводле палітычных матываў з вучобы адлічылі больш за 300 чалавек.
Рэктары менскіх ВНУ атрымаюць лісты сёння. У навучальныя ўстановы, якія знаходзяцца ў абласных гарадах, лісты прыйдуць заўтра, 22 сакавіка.
Напярэдадні маючых адбыцца вясновых акцый апазіцыі, аўтары лістоў даводзяць да ведама рэктараў, што яны будуць несці асабістую адказнасць у выпадку адлічэння студэнтаў за ўдзел у мірных акцыях.
Актывістка руху “За Свабоду” Алена Танкачова паведаміла “Свабодзе”:
“Рух “За Свабоду” разглядае адлічэнне студэнтаў, якія будуць пакараныя судом, пераследам за іншадумства. Рэктарам паведамляецца, што яны нясуць персанальную адказнасць за рэпрэсіі. У дадзены момант вядзецца маніторынг выпадкаў адлічэння студэнтаў з ВНУ. Гэта спроба давесці да ведама рэктараў, што грамадзкасці стануць вядомыя ўсе гэтыя факты. Паводле міжнароднага права, гэта ёсць ня толькі пераследам за іншадумства, але і парушэннем акадэмічных свабодаў”.

Паводле дадзеных групы грамадзянскага назірання руху “За Свабоду”, за ўдзел у вулічных акцыях апазіцыі летась з вучобы адлічылі больш за тры сотні студэнтаў. Большасць студэнтаў выключылі з ВНУ, якія знаходзяцца ў Менску – БДУ, Педагагічнага ўнівэрсітэту імя М.Танка, з Унівэрсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі, БНТУ, эканамічнага, тэхналагічнага і аграрна-тэхнічнага ўніверсітэтаў, а таксама з Акадэміі музыкі.
У такіх умовах стыхійна стварыўся Камітэт дапамогі палітрэпрэсаваным і іх сем’ям. Гаворыць старшыня камітэту Іна Кулей:
“Камітэт дапамогі палітрэпрэсаваным “Салідарнасць” падлічваў усе гэтыя выпадкі, якія адбываліся са студэнтамі летась пасля вясновых падзеяў. Разам з іншымі праваабаронцамі мы пільна сочым за тым, што адбываецца ў акадэмічным асяроддзі. Студэнты вымушаныя былі пакідаць краіну і вучыцца ў замежжы. Яны не хацелі гэтага, але былі прымушаныя. Мы хочам, каб гэта не паўтарылася”.
Цягам двух апошніх тыдняў некаторых актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” выклікалі да дэканаў і там уручалі ім позвы на допыты. Але ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі пакуль ня меў для іх негатыўных наступстваў на вучобе.