Рэха Плошчы-2010. Пабольш бы такіх людзей!
Жыхары Магілеўскай вобласці звярнуліся з калектыўным зварoтам да Магілеўскага аблвыканкама супраць высоўвання Лідзіі Ярмошынай у склад Цэнтральнай выбарчай камісіі. У звароце сцвярджаецца, што падчас старшынства Ярмошынай у ЦВК, рэферэндумы і выбары ўсіх узроўняў фальсіфікаваліся, аб чым зазначаў нават Прэзідэнт РБ па беларускім тэлебачанні, а незалежнымі назіральнікамі складаліся шматлікія акты аб парушэннях выбарчага кодэксу. Ініцыяваў збор подпісаў пад калектыўным зваротам вядомы магілеўскі актывіст Аляксей Паўлоўскі.
Усе ведаюць аб існаванні людзей, якія за сваю энэргію заслужылі права называцца “гэнератарамі ідэй”. Аляксей Палоўскі як раз належыць да іх. Дваццаць гадоў ён актыўна ўдзельнічае ў рознастайных грамадзянскіх і палітычных кампаніях. Неаднаразова высоўваўся кандыдатам ў абласныя раду і парламэнт, ініцыяваў рашэнні рознага кшталту праблем, узнікаючых на мясцовым узроўні.
Пры гэтым Аляксей часта прапануе землякам зірнуць на важную праблему з дапамогай гумара і пасмяяцца крыху. Бо часам значна большы эфект можа прынесці не мітынг ці пікет з лозунгамі, а магчымасць убачыць, наколькі смешнамі і безсэнсоўнымі бываюць дзеянні людзей, надзеленых уладай.
Напрыклад на нядаўняю ініцыятыву Прэзідэнта “аб стварэнні тэрытарыяльных войскаў”, Аляксей Паўлоўскі адрэагаваў сваёй прапановай – распачаў збор подпісаў па стварэнні добраахвотных “жаночых батальёнаў” пры кожным генерал-губернатары, якімі б кіравалі намеснікі прадстаўнікоў абласных, гарадскіх, раённых выканкамаў жаночага полу. Што дазволіла бы, паводле меркавання Паўлоўскага, значна замацаваць абароназдольнасць краіны, бо жанчыны разумнейшыя за мужчынаў і адданей выконваюць загады. А галоўнае – меней п’юць.
На ўсеагульнае збядненне народа Паўлоўскі арганізаваў “калектыўны” зварот лаяльных грамадзян да Прэзідэнта. Сутнасць зваротупалягала ў тым, што да наступных выбараў, (на якіх канешнеіх кумір павінен безумоўна перамагчы) ягоны электарат вымушаны набываць нізкаякасныя прадукты харчавання. Паліцы ў крамах забруджаны “экспанатамі” недасягальнымі да іх пакупніцкіх здольнасцей. З гэтай нагоды аўтар зварота просіць Прэзідэнта абавязаць магілеўскія крамы, хоць да Навагодняга стала і Раства забяспечыць нашых грамадзян па адным кілаграме лівернай кіўбасы праз карткавую сыстэму, “каб спекулянты не вывезлі яе ў Расею”.
Такіх “ініцыятыў” Паўлоўскага, прапануючых людзям пасмяяцца над існым у краіне становішчам, магчыма прывесці колькі заўгодна. Улетку актывіст падрыхтаваў зварот аб наданні Пракаповічу і Мясніковічу звання герояў Беларусі за ўздым узроўню жыцця ў краіне.
Пад час прэзыдэнцкай кампаніі 2010 года, на сустрэчы аднаго з кандыдатаў у Прэзідэнты з выбарцамі, запусціў капялюш з прапановай сабраць сродкі на тое, каб аплаціць школьную групу прадоўжанага дня Коле Лукашэнка, бо дзіцё нават падчас афіцыйных сустрэч таты вымушаны знаходзіцца побач…
За сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю Паўлоўскі неаднаразова падпадаў пад рэпрэсіі. Некалькі разоў яго, кваліфікаванага каменшчыка 5-га разраду, звальнялі з працы,бо ён заўсёды абараняў працоўных, калі адбывалася беззаконне і свавольства з боку адміністрацыі. Часам, не без дапамогісваёй кіпучай энэргіі, у яго атрымлівалася аднаўляцца на працы па рашэннісуда.
У асабістым жыцці Аляксей Паўлоўскі таксама з’яўляецца максымалістам: знаючыя людзі з пэўнасцю сцвердзяць, што яму ніколі не будзе сорамна за сваіх дарослых пяцёрых дзяцей . Апроч таго дзверы яго хаты заўсёды адчыненыя для суседзяў.
Адна з прымавак кажа, што калі чалавек таленавіты, то ён таленавіты ва ўсім. Ёсць яшчэ адна прымаўка: калі мы над чымсці не пасмяемся, то ў іншы момант ад гэтага ж прыйдзецца заплакаць.
Пакінуць новы каментар