Салідарнасць з палітвязнямі палічылі “распальваннем нацыянальнай варожасці”
Бярозаўскія праваабаронцы і грамадскія актывісты зноў пазбаўлены магчымасці публічна агучыць сваю нязгоду з наяўнасцю палітвязняў у краіне. Пікет з адпаведнымі мэтамі не дазволены.
Адмову падпісаў намеснік старшыні Бярозаўскага райвыканкама Яўген Тарасюк, распараджэнне аб забароне – старшыня райвыканкама Юрый Наркевіч, паведамляе ПЦ “Вясна”.
Прычына адмовы: “у адным з пунктаў мэты пікету ўтрымліваецца распальванне нацыянальнай варожасці альбо розні”.
Гэтая прычына ўжо стала штампам у бярозаўскіх чыноўнікаў. Па такой ж падставе быў забаронены пікет 25 сакавіка, і справа, ініцыяваная заяўнікамі, зараз знаходзіцца ў судзе Бярозаўскага раёна. Брэсцкі аблвыканкам, у сваю чаргу, падтрымаў тую забарону, але выказаў меркаванне, што пікет забаронены слушна, паколькі “Грамадзяне М. Статкевіч, І. Аляневіч, М. Дзядок, Я. Васьковіч, А. Пракапенка і Ю. Рубцоў, якія ў Вашай заяве аб правядзенні масавага мерапрыемства ад 9 сакавіка 2015 г. названы “палітвязнямі”, асуджаны па розных артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Сярод іх такія злачынствы, як арганізацыя масавых беспарадкаў, хуліганства, здзейсненае групай асоб, наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, абраза суддзі”.
Пакінуць новы каментар