"САЛІДАРНАСЬЦЬ" - 5 гадоў разам

5 год таму, на хвалі  выключэнняў  з універсітэтаў і адлічэнняў з працоўных месцаў актыўных удзельнікаў выбарчай  кампаніі Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна  паўстаў камітэт дапамогі рэпрэсаваным “Салідарнасьць”, актуальнасць і патрэба ў існаванні якога, на вялікі жаль, засталася і да сёняшняга дню. Вось ужо як 5 год  супрацоўнікі  “Салідарнасьці” аказваюць магчымую дапамогу людзям,  што сустракаюцца  з рознастайнымі відамі пераследу па палітычных матывах у Беларусі. За гэты час у камітэт звярнуліся сотні людзей:  па юрыдычную дапамогу, у прыватных выпадках --  медычную ( для пацярпелых ад незаконных дзеянняў  супрацоўнікаў спецназу і міліцыі), маральную, псіхалагічную і інш .
Сярод самых паспяховых праграм камітэту было заснаванне навучальнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага ў польскіх ВНУ для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў. Яна  дае магчымасць здольным студэнтам, адлічаным з беларускіх ВНУ не па акадэмічных, але палітычных матывах, працягнуць адукацыю, скласціся як асоба,  быць карыснымі для сваёй Радзімы.

 Аляксей Трубкін (Наваполацк):
 Пасля ўдзелу ў выбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча ў 2006-м годзе, я страціў працу электрыка ў Наваполацкім Доме Культуры і , калі звярнуўся па дапамогу да “Салідарнасьці”, мне прапанавалі  пачаць вучыцца.Не маючы магчымасці, па вядомых прычынах, мець сталую працу і адначасова навучацца на Радзіме, вырашыў паехаць у Польшчу . Зараз ужо сканчваю магістарскую праграму ў Беластоцкім  універсітэце, па заканчэнні  якой планую павернуцца ў Беларусь, у родны Наваполацк. Нават перспектыва сустрэчы з ваенкаматам не пужае.

Іван Шыла (Салігорск):
Я звяртаўся па дапамогу яшчэ ў 2008 годзе, адразу пасля выключэння са школы.  На той момант  я шукаў навучання ў  завочнай форме але, нажаль, такой магчымасьці не аказалася.
Пасля, калі я праходзіў службу ў войску,  гэтым пытаннем займаліся мае бацькі.
Праблемаў  з працягам адукацыі не паўстала  як для мяне, так і для майго брата.Абодва  мы  з верасня   мелі курсы польскай мовы, а навучацца пачалі з кастрычніка месяца.  Я задаволены магчымасцю вучыцца на юрыдычным  факультэце універсітэту Сілезіі  ў горадзе Катовіцэ. Чым займацца пасля завяршэння адукацыі, яшчэ ня вызначыўся.

Сяржук Гумінскі (Ворша):
Пасля выключэння з каледжу ў 2006-м годзе і ўзбуджэння крымінальнай справы, я звярнуўся па дапамогу ў “Салідарнасьць”, там адразу адгукнуліся на маю просьбу аб дапамозе. А найбольш цешыць, тое,  што ўвесь  час, калі бываю на “Салідарнасьці”, супрацоўнікі камітэту абароны рэпрэсаваных  заўсёды ветліва ставяцца і рады бачыць  мяне, як і кожнага.
Па прыездзе ў Польшчу самым складаным было не страціць галаву ад адкрыўшыхся магчымасцяў  свабоднай краіны. Зараз жыву і навучаюся ў Гданьску на сацыёлага. Мару павернуцца на Беларусь і ўжыць атрыманыя веды.

Марта Майсеенка  (Менск):
Я сутыкнулася з непаразуменнямі і запалохваннямі з боку адміністрацыі Менскага радыё-тэхнічнага каледжу за актыўную грамадскую пазіцыю хаця і  мела акадэмічныя поспехі.  Звярнулася па параду і дапамогу да “Салідарнасьці”. І нягледзячы на складанасці з атрыманнем візы, патрапіла на праграму Каліноўскага.
Зараз  ужо на другім семестры факультэту ветэрынарнай медыцыны. Мне вельмі падабаецца. Добрыя людзі,  добрыя выкладчыкі,  добрае абсталяванне. Усё спакойна і ціха, нават сумуеш  па шалёных гадах перад выездам. Вучыцца цяжка... Але пры вялікім жаданні магчыма.
Пасля вучобы хачу адчыніць сваю клініку і стайню пад Менскам... Хацела бы і надалей займацца грамадскай дзейнасцю. Спадзяюся, што гэта ўсё так і атрымаецца.  Хаця яшчэ 5 год вучобы, таму нешта загадваць вельмі складана. Сітуацыя, як вядома, змяняецца...

Нягледзячы на гадавіну,  нагода яе даволі сумная – у Беларусі працягваюцца неабрунтаваныя рэпрэсіі , пераслед палітычных апанентаў улады і патрэба ў арганізацыях падобнага кшталту застаецца актуальнай і зараз, асабліва пасля чарговых выбараў і красавіцкіх падзей у мэтро. Застаецца спадзявацца, што праз дзейнасць “Салідарнасьці”,  насуперак склаўшымся ў грамадстве абставінам, беларусы змогуць стаць насамрэч салідарным народам і годна перажыць гэтыя складаныя гады, каб стаць свабоднымі. Як кажуць палякі, узяўшыяся дапамагаць беларускім студэнтам, : “Ад салідарнасці -- да Свабоды!” Спадзяемся, што і мы зможам пераадолець гэты няпросты шлях і дзесяцігоддзе аб’яднання сустрэць пры зусім іншых, болей радасных абставінах.