Салідарныя бацькі дзейнічаюць
16 мая адбыўся прадстаўнічы сход бацькоў рэпрэсаванай моладзі.
Бацькі выказалі сваю заклапочанасць ў сувязі працягам пераследу моладзі па крымінальных і адміністрацыйных справах.
На сходзе былі абмяркаваны планы салідарных дзеянняў ў падтрымку моладзі ў сувязі з судом над “Маладым Фронтам”, які мае адбыцца 30 траўня у 14. 15 у Савецкім суддзе.
Бацькі прынялі рашэнне звярнуцца з лістом да Палітрады і запрасіць палітыкаў на наступны сход.
“Мы ганарымся тым,- выказаліся бацькі,- што ў авагарда моладзі сфарміравалася пачуццё высокай адказнасці за будучы лёс краіны. Пра гэта сведчыць дзейнасць “Маладога Фронту”, які з’яўляецца светапоглядным фронтам духоўнага абуджэння і нараджае ў маладых душах адчуванне свабоды і адказнасці, прагу дзеяння і нацыянальную салідарнасць.
Пра гэта ж гаворыць змаганне “Зуброў”, праца “Прававога альянсу”, акцыі моладзі БНФ, дзейнасць “Маладой грамады”, а таксама сотняў юнакоў розных рэгіенах краіны, якія яшчэ не далучыліся да грамадскіх арганізацый і выступаюць па-асобку.
Хлопцы і дзяўчаты не могуць спакойна сядзець дома пакуль дыктатура вядзе наступ на правы грамадзян. Яны ладзяць акцыі пратэсту, развешваюць сцягі і партрэты палітвязняў, наносяць палітычныя графіці, рызыкуючы страціць вучобу і працу.
Ні мы, ні нашы дзеці не можам спакойна чакаць да 2011 года, калі зноў заззяе надзея на пераўтварэнні. За гэты час дзесяткі людзей зноў могуць патрапіць за краты.
Таму заклікаем Вас, паважаныя палітыкі, калі Вы будзеце прымаць важныя рашэнні, якія могуць паўплываць на лёс краіны, памятайце пра нашу рашучую, гарачую, мужную і непахісную моладзь. Яна чакае ад Вас не толькі падтрымкі, але і ўзважаных і адказных крокаў, якія маглі б умацаваць і аб’яднаць шэрагі змагароў за перамены, і ажыццявіць іх.”