Свабодны прафсаюз альбо праца
Сёньня ў Берасьцейскім унівэрсытэце імя Пушкіна першы прарэктар Ганна Сэндзер гутарыла зь сябрамі Свабоднага прафсаюзу.
Выкладчыкам прапанавалі падумаць пра тое, што неўзабаве іх будуць абіраць на пасады — і каб застацца на працы, трэба выйсьці са “Свабоднага прафсаюзу”.
“Гутаркі ў кабінэце першага прарэктара — гэта “падарунак” выкладчыкам да Дня настаўніка, — адзначае спадар Лазарэнкаў, — раней з унівэрсытэту звольнілі сябраў “Свабоднага прафсаюзу” Анатоля Ляўковіча, мяне, Ігара Маслоўскага”.
Суразмоўца паведаміў: калі не было ўціску з боку адміністрацыі ўнівэрсытэту, то ў суполцы “Свабоднага прафсаюзу” было амаль сто чалавек. Нядаўна яшчэ чатыры выкладчыкі змушаныя былі спыніць сяброўства ў Свабодным прафсаюзе.
І сёньня ж старшыня суполкі Валянцін Лазарэнкаў накіраваў адкрыты ліст у Міністэрства адукацыі. У прыватнасьці, ён пытаецца: ці такія гутаркі праводзяцца з ініцыятывы альбо санкцыі міністра Аляксандра Радзькова?
Па інфармацыі радыё Свабода