Скарачаюць у першую чаргу актывістаў свабоднага прафсаюза
Сябра Свабоднага прафсаюза беларускага Сяргея Пічугова звольнілі з Бабруйскага завода ТДіА, папярэдзіўшы за адзін дзень.
"29 чэрвеня напрыканцы дня мяне папярэдзілі, што перапыняюць кантракт. Мяне папярэдзілі літаральна за дзень! Я быў у шоку", - выказвае сваё абурэнне слесар-інструментальшчык Сяргей Пічугоў.
Цікава, што ніякіх заўвагаў да паводзінаў Пічугова і яго працы ў начальства не было. Рабіў ён сумленна. Тыя, хто прымаў рашэнне аб яго звальненні цудоўна ведалі, што ў сям'і Сяргея нядаўна з'явілася дзіця, і што ягоная жонка зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Тым не менш, яго звольнілі.
"Яны кажуць, што прамысловасць у крызісе, патрэбна, маўляў, аптымізацыя колькасці рабочых, але скарачаюць у першую чаргу сябраў незалежнага прафсаюзу. Паводле закону, яны не абавязаны тлумачыць прычыну непрацягнення кантракту", - распавядае Сяргей.
Звольнены рабочы звярнуўся ў незалежны прафсаюз. Старшыня суполкі дзяржаўнага прафсаюзу Курыцкі наўпрост яго туды паслаў: "Ідзі ў незалежны, хай там табе дапамагаюць".
Юрысты свабоднага прафсаюзу спрабавалі выправіць сітуацыю праз бабруйскі райвыканкам, звярталіся да яго старшыні спадара Каваленкі. Калі гэта не дапамагло, звярнуліся ў суд. Суд палічыў, што звольнілі з парушэннем – не папярэдзілі за месяц. Тое што у Сяргея малое дзіця, суд у разлік нават не браў.
"Зараз назіраецца пагаршэнне эканамічнай сітуацыі. Улады баяцца свабодных людзей, здольных пастаяць за свае правы і правы іншых, пазбаўляюцца ад іх у першую чаргу. Каб людзі працавалі за тыя капейкі, што атрымліваюць і маўчалі", - разважае над прычынамі расправы з сябрамі СПБ Сяргей Пічугоў.
Пакінуць новы каментар