Справу Андрэя Кіма перадаюць у суд
Крымінальную справу супраць Андрэя Кіма сёньня перададуць у суд. Такое ж абвінавачаньне, які і Кіму, могуць прад'явіць Сяргею Парсюкевічу.
Такую актывізацыю сьледчых органаў назіральнікі зьвязваюць з надыходзячай датай 25 сакавіка.
Маці Андрэя Кіма і актывіст прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў зьвярнуліся ў пракуратуру, каб Андрэя вызвалілі пад заклад. Паколькі справа накіроўваецца ў суд, то пытаньні, зьвязаныя са зьмяненьнем меры стрыманьня, будзе вырашаць судзьдзя.
Актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Ініцыятыва” Андрэя Кіма затрымалі пад час разгону акцыі прадпрымальнікаў 21 студзеня. Спачатку ён адседзеў 10 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, а потым яго адвезьлі ў сьледчы ізалятар, абвінаваціўшы ў гвалтоўных дзеяньнях у дачыненьні да супрацоўніка міліцыі.
Паводле існуючай практыкі, пасьля перадачы справы ў суд, яе разгляд пачынаецца не раней, чым за два тыдні. Таму працэс пачнецца пасьля сьвяткаваньня Дня Волі. Маці Андрэя Кіма разьлічвае, што судзьдзя аб’ектыўна разьбярэцца ў акалічнасьцях крымінальнай справы і яе сына апраўдае:
“Вельмі хочацца, каб яго пасьля суду адпусьцілі, паколькі ён ужо адседзеў тэрмін. Паколькі ён не вінаваты, думаю, што суд будзе справядлівы, і яго адпусьцяць”.
Тацяна Кім мела ўчора спатканьне з сынам. Яна распавяла, што пасьля гэтага з большым аптымізмам глядзіць на пэрспэктывы крымінальнай справы:
“Ён малайчына. Трымаецца... Мяне супакойвае. Вочы ў яго сумныя, няма такога агеньчыка, але ён кажа ўсім “дзякуй” за тое, што яго падтрымліваюць. 26 лютага ў яго быў дзень народзінаў, і шмат людзей яго павіншавала. Ён казаў, што для яго гэта як сьвятло ў вакенцы”.
Тацяна Кім прыгадала, што яе сын арганізоўваў дабрачынныя канцэрты для дзяцей-сірот і дзяцей, хворых на рак. Сябры “Ініцыятывы” правялі шэраг акцый напярэдадні Калядаў пад лёзунгам: “Напішы паштоўку палітвязьню”. Цягам году яны ладзілі акцыі супраць скасаваньня льготаў.
Маці Андрэя апавяла, што, калі яе сына перавялі ў сьледчы ізалятар, то сабака Андрэя ў гэты ж дзень перастаў есьці. Вэтэрынар, калі даведаўся ў чым справа, адмовіўся браць грошы за лекаваньне. Цяпер сабака пайшоў на папраўку, і Тацяна лічыць гэта добрым знакам.
Аб 11 гадзіне пракуратуру Маскоўскага раёну наведае прадпрымальнік з Віцебску Сяргей Парсюкевіч. Ня выключана, што яму прад’явяць такое ж абвінавачаньне, як і Андрэю Кіму.
Сёньня ж у сьледчы камітэт выклікаюць фігурантаў крымінальнай справы, якую распачалі паводле падзеяў 10 студзеня. У якасьці падазраваных 12 чалавек. Сярод іх і Андрэй Кім.
Паводле Радыё Свабода