Спыніць катаванні зняволеных!
26 чэрвеня Генеральная Асамблея ААН абвясціла Міжнародным днём у падтрымку ахвяр катаванняў. Гэты дзень праводзіцца з мэтай выкаранення катаванняў і забеспячэння эфектыўнага функцыянавання « Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання», прынятай Генеральнай Асамблеяй ААН 10 снежня 1984 і ратыфікаванай Рэспублікай Беларусь 13 сакавіка 1987 году.
Згодна з артыкулам 1 Канвенцыі, “катаванне — азначае любое дзеянне, якім нейкай асобе наўмысна наносіцца моцны боль альбо пакута, фізічная альбо маральная, каб атрымаць ад яе альбо ад трэцяй асобы звесткі альбо прызнанні, пакараць яе за дзеянне, якое здзейсніла яна альбо трэцяя асоба ці ва ўчыненні якога яна падазраецца, а таксама запалохаць ці прымусіць яе ці трэцюю асобу, альбо па любой прычыне заснаванай на дыскрымінацыі любога характару, калі такі боль альбо пакута прычыняюцца дзяржаўнай службовай асобай ці іншай асобай, якая выступае ў афіцыйнай якасці, альбо па іх падбухторванні ці з іх ведама альбо маўклівай згоды”.
Артыкул 2 Канвенцыі абавязвае дзяржавы-ўдзельніцы прадпрымаць “эфектыўныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя, судовыя і іншыя меры для папярэджання актаў катавання на любой тэрыторы і пад яе юрысдыкцыяй”.
Ужыванне катаванняў забароненае артыкулам 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама шэрагам міжнародных актаў у галіне правоў чалавека, якія ратыфікавала Беларусь.
Аднак у Крымінальным кодэксе Беларусі дагэтуль няма такога артыкула як «катаванне». Замест артыкула аб катаваннях выкарыстоўваецца «перавышэнне службовых паўнамоцтваў”. Таму праблема катаванняў у Беларусі застаецца актуальнай, і ў той жа час гэтая праблема носіць «латэнтны» характар – застаецца даволі ўтоенай. Людзі баяцца скардзіцца на тое, што ў дачыненні да іх выкарыстоўваюць нейкія забароненыя метады або сродкі. Інфармацыя пра гэта становіцца прадметам галоснасці толькі дзякуючы ўдзельнікам апазіцыйных акцый пратэсту, якія праходзяць праз турмы і агучваюць факты ужывання гвалту і жорсткасці падчас затрыманняў, парушэння правоў падчас следства і ў судах, прыніжэння чалавечай годнасці ва ўмовах беларускай пенітэнцыярнай сістэмы.
Абвінавачаныя па справе аб «масавых беспарадках 19 снежня 2010», якія прайшлі праз утрыманне пад вартай у СІЗА КДБ, звярнуліся да генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь з просьбай спыніць прававую анархію і ўсёдазволенасць людзей у пагонах, якія адбываюцца сёння ў краіне, расследаваць факты катаванняў, што ўжываюцца ў СІЗА КДБ і іншых турмах.
“У XXI стагоддзі беларусаў вярнулі ў 1937 год з «варанкамі», катаваннямі, судзілішчам з удзелам ілжэсведак у пагонах і бесчалавечнымі прысудамі, ламаючы чалавечыя лёсы”, --заявілі яны.
Практыка паказвае, што нашы праваахоўныя органы не расследуюць фактаў катаванняў і не пацвярджаюць іх дзеля таго, каб пазбегчы адказнасці службовых асобаў і органаў. Адсутнічае практыка прыцягнення да адказнасці ў судах за ўжыванне катаванняў. Існуюць толькі адзінкавыя выпадкі пакаранняў за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Праваабаронцы атрымліваюць шматлікія скаргі аб ужыванні катаванняў у праваахоўных органах.
Такім чынам, Рэспубліка Беларусь фактычна не выконвае міжнародныя абавязальніцтвы, узятыя на сябе падчас ратыфікацыі Канвенцыі ААН супраць катаванняў.
Гэтыя факты раскрываюцца у дакуменце, падрыхтаваным сумесна Камітэтам абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” і Цэнтрам прававой трансфармацыі да Міжнароднага дню ў падтрымку ахвяр катаванняў:
“ Моніторынг адміністрацыйных затрыманняў падчас грамадскай акцыі 19.12.2010 в г. Минске выявіў масавыя парушэнні правоў чалавека. Больш за 700 чалавек было затрымана цягамакцыі пратэстаў у ноч з 19 на 20 снежня 2010.
Паводле вынікаў апытання затрыманых, - неабгрунтаваныгвалті жорсткае стаўленне ўжывалася да кожнага чацвёртага затрыманага, пры гэтым акты гвалту суправаджаліся абразамі і прыніжэннем пры затраманнях, транспарціроўцы, афармленні пратаколаў адміністрацыйнага затрымання.Затрыманыя доўгі час утрымліваліся ў перапоўненым спецтранспарце, у прыніжаючых годнасць позах (лежучы тварам да падлогі, стоючы тварам да сцяны, заклаўшы рукі за спіной), не прадстаўляўся доступ да пітной вады, шмат часу адмаўлялі ў наведванні прыбіральні, медычная дапамога ў шматлікіх выпадках не аказвалася. У шэрагу выпадкаў затрыманыя атрымалі фізічныя траўмы і пашкоджанні.
Пасля адбыцця адміністрацыйнага пакарання больш за 30 чалавек звярнулася да камітэту “Салідарнасьць” па медыцынскую і псіхалагічную дапамогу. Траўмы былі атрыманы падчас затрымання і знаходжання ў ЦІП.
У студзені 2011 быў пададзены шэраг скаргаў аб ужыванні катаванняў падчас затрыманняў 19 і 20 снежня 2011 году. Але да гэтага часу па факце не было ўзбуджана аніводнае крымінальнае справы. Следства працягваецца, тым самым не прадпрымаюцца меры па аператыўным зборы доказаў, якія могуць быць страчаны. Супрацоўнікі міліцыі, якія затрымлівалі грамадзян сталі вядомы, але да гэтага часу працуюць у міліцыі.
Пасля падзей 19 снежня было заведзена больш за 50 крымінальных спраў на кандыдатаў у прэзідэнты, сябраў іх каманд і актывістаў. Пачынаючы са студзеня да праваабаронцаў пачалі даходзіць сведчанні аб умовах утрымання ў СІЗА №1 і СІЗА КДБ, дзе ўтрымліваліся затрыманыя па крымінальных справах.
У СІЗА №1 павул. Валадарскагаў г. Мінску многія камеры перапоўнены, не хапала месцаў для сну і сядзення, вязняў у 2-3 разы болей, чым спальных месцаў. У Фёдара Мірзаянава ў камеры ўтрымлівалася 40 челавек, і перанаселенасць была ў 2 разы, у Паўла Вінаградава на 15 месцаў 25 чалавек, Дзмітрыю Буланаву ўдалося паведаміць што ў камеры на 10 месцаў было 30 чалавек, Дзмітрый Дашкевіч паведаміў, што ўягонай камеры перанаселенасць была болей чым у 3 разы. Сон організаваны ў 2-3 змены. У шэрагу камер, дзе дазваляе месца, вязні вымушаны спаць на самаробных гамаках.Адсутнасць паўнавартаснага сну негатыўна адбіваецца на маральным и фізічным станевязняў. Праз невялікія вокны свежае паветра амаль не паступае. Вязні маюць праблемы з хрыбетнікам з-за немагчымасці выпраставацца падчас сну (спальнае месца мае даўжыню 170 см.) З-за недахопу святла ў камерах у вязнях пагоршыўся зрок. Зімой, нягледзячы на недахоп кіслароду, было халодна. Летам тэмпература часам дасягала 39 градусаў, прычым вязням не аказвалась паўнавартасная медычная дапамога, а ў родных не прымалі неабходныя лекі.
Асаблівую заклапочанасць выклікае стан здароў’я 27- гадовага Дзмітрыя Буланава. Вільгаць у камерах давяла да рэўматоіднай атакі і эндакардзіту. Каб дамагчыся лекавання, у родных сыйшоў болей за месяц, нягледзячы на аб’ектыўныя прыкметы пагаршэння здароў’я хлопца. Шпіталізацыя была ажыццяўлена толькі пасля таго, як у Дзмітрыя Буланава адказалі ногі і ён перастаў рухацца.
На прыканцы студзеня 2011 года пачала даходзіць інфармацыя аб умовах утрымання ў СІЗА КДБ.
Шмат у якіх вязняў адсутнічала спальнае месца (Ірына Халіп, Наста Палажанка, Аляксандр Атрошчанкаў, Уладзімір Кобец, Павал Севярынец і інш.). Спаць прыходзілася на бетоннае падлозе, на драўляных дошках, ці ў праходзе, ці пад спальным месцам іншых вязняў. У першы месяц камеры былі перапоўнены, на 4 спальным месца было па 7 ахвотных вязней. Большасць камер не была абсталявана санітарным вузлом, вязней выводзілі ў прыбіральню 2 разы на дзень. З-за адсутнасці ў камеры прыбіральні ў Наталлі Радзінай пачалося абязводжванне. Тэмпература ў некаторых камерах была надзвычай нізкай,( па адчуванні 5-7 градусаў па Цэльсіі). Спаць выпадала ва ўсёй вопратцы, якая мелася ў вязней у наяўнасці, уключаючы пальчаткі, шапку, абутак. Нізкая тэмпература прывяла да бранхіту ў многіх зняволеных.
Не ажыццяўлялася неабходная медычная дапамога. Так у Наталлі Радзінай цягам 10 дзён выдзялялася кроў з вушэй, пасля атрыманай траўмы галавы, медзікі СІЗА КДБ абгрунтавалі гэта “акліматызацыяй”. Дзмітры Бандарэнка ўжо даўно мае патрэбу ў шпіталізацыі, але мае адмову.
Пасля заявы А. Міхалевіча аб катаваннях і жорсткім абыходжанні, прыніжаючым чалавечую годнасць, стала вядома, што ў СІЗА КДБ з’яўляліся невядомыя асобы ў чорных масках без пазнавальных адзнак.
Людзі ў масках да 6 разоў на суткі выбарча выводзілі вязней у падвальнае памяшканне. Зняволеных распраналі і ставілі на “расцяжку” ў халодным памяшканні (поза з найбольш растаўленымі рукамі і нагамі), перыядычна падсякалі ногі, змушаючы іх раставіць амаль да поўнага шпагату на адлегласці каля метра ад сцяны. Гэткая працэдура магла цягнуцца блізу 40 хвілін, пры чым вязень не мог бачыць чалавека ў масцы, які выкрыкваў рэзкія гукі, ужываў электрашокер каля вуха, прыніжаў і абражаў. У шэрагу выпадкаў рукі ўздымалі высока, дакранаючыся сценаў вывернутымі далонямі. Пад час асабістага дагляду ў халодным памяшканні, вымушалі рабіць рэзкія прысяданні да некалькі дзясяткаў разоў запар.
Гэткага кшталту дзеянні актывізаваліся пад час “інтэнсіўных размоў” (допытаў без пратаколаў і за адсутнасцю адвакатаў), якія выкарыстоўваліся для прымусу да дачы сведчанняў супраць сабе. На ноч не выключалі лямпы дзённага святла, патрабуючы, каб зняволеныя клаліся тварам да яркага святла, забараняючы закрываць твар. Калі зняволены ў сне паварочваўся – яго будзілі. У камерах, якія слаба праветрываюцца, фабавалі падлогу фарбай з пахам ацэтону. Вязней- мужчын нават на кароткія адлегласці выводзілі ў кайданках, уздымаючы іх максімальна за спіной, так каб твар амаль кранаўся падлогі. Перыядычна пры канваірванні зняволеныя атрымлівалі ўдары па спіне і нагах дручкамі.
Вязні ўтрымліваліся ў інфармацыйным вакуўме. Адміністрацыя не дапушчала адвакатаў да арыштантаў, цалкам была блакавана перапіска, не перадаваліся газэты і часопісы, адключана тэлебачанне, перыядычна трансляваліся фільмы са сцэнамі гвалту. Падчас “допытаў” вязней запужвалі свабодай і жыццём дзяцей і родных. Паводле сведчанняў, скардзіцца было небяспечна. Сведчанні А.Міхалевіча знайшлі свае пацверджанне ў заяве А.Саннікава, былі сцверджаны А.Атрошчанкавым, У.Някляевым, А.Лябедзькам, А.Фядутам і іншымі зняволенымі падчас сустрэч з роднымі і ў СМІ.
Гэтаксама мы атрымліваем трывожныя паведамленні аб жорстім стаўленні да вязняў у пенітэнцыярных установах. Родныя М.Ліхавіда, які адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі №10, зазначаюць аб яго працяглым (35 дзён) і безпадстаўным ўтрыманні ў штрафным ізалятары (карцары). Прычынай змяшчэння М. Ліхавіда ў ШЫЗА стала тое, што, лічачы сябе незаконна асуджаным, ён адмаўляецца падпісваць абавязацельствы аб выкананні патрабаванняў рэжыму і выконваць іх. Паводле атрыманай інфармацыі, у ШЫЗА Наваполацкай калоніі М. Ліхавід падвяргаецца жорсткаму, бесчалавечнаму і зневажаючаму чалавечую годнасць абыходжанню, што па сутнасці з'яўляецца катаваннямі.
Умовы ўтрымання зняволеных у штрафных ізалятарах Беларусі сталі прадметам рэзкай крытыкі міжнародных і беларускіх праваабарончых арганізацый. Так, у перыяд знаходжання ў ШЫЗА зняволеным не прадастаўляюцца прагулкі, не выдаюцца спальныя прыналежнасці, ім забараняецца ляжаць або сядзець на нарах (нары прыфастрыгоўваюцца ў дзённы час да сцяны), ляжаць на падлозе таксама не дазваляецца. Акрамя таго, зняволеным забараняецца мець пры сабе цёплыя рэчы, пры гэтым тэмпература ў ШЫЗА часта вельмі нізкая. Змешчаныя там асуджаныя фактычна пазбаўленыя сну, адчуваюць пастаянны холад, пастаянна пазбаўленыя доступу да вольнага паветра. Гэтыя ўмовы ўтрымання, відавочна, не адпавядаюць мінімальным міжнародным стандартам утрымання зняволеных.
Д. Дашкевіч звярнуўся з афіцыйным паведамленнем адносна дзеяў адміністрацыі Жодзінскае турмы №8, сярод якіх былі пералічаны пагрозы фізычнай расправы і катаванняў, прыніжэння чалавечай годнасці, магчымую дыскрымінацыю па нацыянальнай прыкмеце, забарону мець рэлігійную літаратуру ў камеры, канфіскацыя дазволеных асабістых рэчаў, моўная дыскрымінацыя, непрымальныя санітарныя ўмовы, адсутнасць мінімальнай павагі да чалавека.
У дадзены час, як паведамляюць, па дадзеных фактах адбываецца пракурорская праверка. Аднак ёсць сур’ёзныя падставы меркаваць, што яе вынікі выклікаюць яшчэ большую небяспеку для ахвяр катаванняў, чым для асоб, якія праз свой афіцыйны статус дапушчаюць дзеянні, забароненыя Канвенцыяй супраць катаванняў”.
Пакінуць новы каментар