Студэнты нагадалі пра парушэнні сваіх правоу танцамі
Студэнты мінскіх ВНУ запісалі відэаролік, дзе яны танчаць каля уваходаў у свае універсітэты. Такім чынам яны спрабуюць прыцягнуць увагу Міністэрства адукацыі да рэформаў у акадэмічнай сферы.
«Што мы можам зрабіць у такіх умовах, калі Міністэрства адукацыі і слухаць не хоча простых студэнтаў альбо незалежныя студэнцкія арганізацыі? Толькі танчыць!», — напісана на сайце кампаніі Studwatch, якая стварыла першае відэа танцаў за рэформы.
Як апавяла Свабодзе Саша Кузьміч з ініцыятывы Studwatch, танцы тут разглядаюць як крэатыўны спосаб распаўсюдзіць інфармацыю пра праблемы студэнтаў.
«Здаецца, такога ў Беларусі яшчэ не было, — кажа Кузьміч. — Налепкі, якія распаўсюджвалі “Студэнтысупраць”, адміністрацыя называла вандалізмам. Улёткі — гэта сумна. А вось танцы — гэта весела, іх немагчыма дыскрэдытаваць, і да такога хочацца далучыцца».
У дзвюххвілінным роліку з тузін студэнтаў танчаць каля галоўных уваходаў у розныя менскія вучэльні. Субтытрамі да роліка прапісаныя патрабаванні, якія выстаўляюць студэнты: акадэмічная свабода, свабода аб’яднанняў, транспарэнтнасць бюджэту, сучасныя тэхналогіі, адмена платных пераздачаў і сапраўднае студэнцкае самакіраванне.
Пакінуць новы каментар