Суд над актывістамі Руху “За Свабоду” ў Наваполацку
Сёньня ў Наваполацку пачаўся суд над актывістамі Руху “За Свабоду” Валерам Шаўчэнкам, Ігарам Сухарукавым і сябрам БСДП(Г) Антонам Ясіновічам, якіх абвінавачваюць у парушэньні Выбарчага і Адміністрацыйнага кодэксаў. Ім пагражае штраф ў памеры ад 20 да 50 базавых адзінак.
Нагадаем, з 27 чэрвеня па 27 ліпеня ў Наваполацку актывісты Руху “За Свабоду” Валер Шаўчэнка, Ігар Сухарукаў і сябра БСДП(Г) Антон Ясіновіч ладзілі пікеты супраць адмены сацыяльных ільготаў. Актывісты Руху “За Свабоду” прапанавалі жыхарам Наваполацка падпісацца пад зваротам аб адмене ільготаў. За месяц было сабрана больш за 3 тысячы подпісаў, якія былі накіраваныя ў Адміністрацыю прэзідэнта.
19 верасьня актывістаў дэмсілаў выклікалі ў гарвыканкам, каб разгледзець заяўку на правядзеньне сацыяльнага пікету, падзенную імі раней. Аднак замест размовы пра пікет, спецыяліст аддзела арганізацыйна-кадравай працы Ірына Ягорава склала на іх пратаколы. У пратаколах пазначана, што Валер Шаўчэнка, Ігар Сухарукаў і Антон Ясіновіч ў перыяд з 27 чэрвеня па 27 ліпеня 2007 году ў раёне гарадскога Палаца культуры парушылі парадак адкліканьня дэпутатаў.