Суд над Андрэем Кімам

 1 красавіка распачаўся судовы працэс над моладзевым актывістам Андрэям Кімам. Яго абвінавачваюць у пагрозе супрацоўніку міліцыі падчас разгону акцыі прадпрымальнікаў 21 студзеня.

У памяшканьне Цэнтральнага суда г. Менска падтрымаць зьняволенага прышлі лідары палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, прадстаўнікі амбасады ЗША, АБСЭ, паплечнікі і сябры Андрэя Кіма. Падтрымку маці палітвязьня выказалі Аляксандар Мілінкевіч, Павал Севярынец, Лявон Баршчэўскі, Мікалай Статкевіч, Вінцук Вячорка, Алесь Бяляцкі. Моладзь у адмысловых майках «Свабоду Андрэю Кіму!» заняла першыя месцы ў залі суда.

Сябры «Ініцыятывы» і «Маладога Фронту» зладзілі акцыю пад вокнамі суду, яны трымалі партрэты вязьня і расьцяжку. Сам Андрэй Кім на працэсе выглядаў бледным і схуднелым. Але з твара яго не зыходзіла сьветлая і узнёслая ўсьмешка. Яго абвінаваўца, так званы «пацярпелы», супрацоўнік міліцыі Ігар Сычоў ўяўляў сабой поўную працілегласьць. Сыты, самадавольны, прыземісты ён размаўляў амаль чутна, адвяртаючы твар.

Судьдзя Тацьцяна Ільліна прыняла рашэньне аб’яднаць і разглядаць разам справы
А. Кіма і 13-ці ўдзельнікаў акцыі 10-га студзеня. Адвакат Тамара Сідарэнка з гэтым не пагадзілася, аргументуючы тым, што асабістае разгледжаньне больш пільнае і ўважлівае.. Дата суду будзе абвешчана ў позвах удзельнікам працэсу.