Суд па справе Юрася Алейніка цягнуўся 7,5 гадзінаў

Пачатак судовага паседжаньня па справе адлічанага з Акадэміі кіраваньня Юрася Алейніка быў досыць нэрвовы. Судзьдзя Пракаповіч выдаліла з залі аднаго са сьведкаў з боку адлічанага студэнта за фатаграфаваньне без дазволу. Праваабаронцу Алену Танкачову падвяла яе ўсьмешка — у выніку яе таксама папрасілі за дзьверы. На судзе прысутнічала досыць народу. Ужо былы кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Оке Пэтэрсан, які сёньня а 5-й раніцы пакінуў Беларусь, заехаў у суд на паўгадзіны й застаўся да канца. Ён нават ахвяраваў фуршэтам у амэрыканскім пасольстве з нагоды нацыянальнага сьвята ЗША Дня незалежнасьці. Інтарэсы Юрася Алейніка прадстаўляла адвакатка Ларыса Атаманчук, а таксама прадстаўнік грамдзкасьці Алег Гулак. Яго ролю ў працэсе Юрась ацэньвае вельмі высока:

«Вынікі суду досыць прадказальныя, але сам факт, што ў судзе ў прысутнасьці сьведкаў даводзіцца нашая рацыя, паказваецца абсурд сёньняшняй сытуацыі — у гэтым заслуга найперш Гулака».

З боку студэнта былі прадстаўленыя пяць сьведак. Акадэмія кіраваньня дэлегавала на суд намесьніцу дэкана па выхаваўчай працы Тацьцяну Печанёву. Па словах Ю. Алейніка, сьведчаньні апошняй былі вельмі блытанымі, аднак судзьдзя прыняла іх да ведама. У той жа час паказаньні сведкаў з боку былога студэнта Акадэміі па-большасьці адхіляліся. Судзьдзя не задаволіла хадайніцтва Алейніка наконт аналізу вучэбных журналаў. Нагадаем, што Ю. Алейнік настойвае, што ягонае адлічэньне сьведчыць пра дыскрымінацыю й парушэньне яго канстытуцыйных правоў. А каб давесьці факт дыскрымінацыі, на думку хлопца, суд павінен азнаёміцца з вучэбнымі журналамі ўсіх групаў 4-га курсу Акадэміі. Замест гэтага былі разгледжаныя некаторыя характарыстыкі адлічаных цягам апошніх сэмэстраў студэнтаў Акадэміі кіраваньня. У адказ на адхіленьне хадайніцтва пазоўнік заявіў пра адвод судзьдзі.

«Я лічу, што судзьдзя некампэтэнтная ў гэтым канкрэтным пытаньні й не прыкладае дастаткова высілкаў, каб разьвязаць сытуацыю», — патлумачыў гэты крок Алейнік.

Па матэрыялам Нашай Нівы