Сустрэча ўпачатку вясны
13 сакавіка адбылася вечарына сустрэчы матуляў і жонак палітзняволеных у Камітэце “Салідарнасьць”.
Прысутныя выказалі падтрымку і перадалі цяпло сваіх сэрцаў Але Уладзіміраўне Саннікавай, Ірыне і Люцыне Халіп, Марыне Адамовіч, Марыне Лобавай, Вользе
Бандарэнцы, Наталлі Бяляцкай.
Падчас сустрэчы сваякі Андрэя Саннікава з прыемнасцю ўзгадалі, што людзі не зыбылі пра ягоны дзень нараджэння 8 сакавіка. Сябры і прыхільнікі падрыхтавалі дыскі з запісам песні з кінафільма “Зямля Саннікава”. Удзельнікі групы "За Волю” 7 сакавіка арганізавалі імпрэзу з праглядам кінафільма і перадалі маці, Але Уладзіміраўне, падарункі —беларускамоўную біблію і бел-чырвона -белы парасон…
Жонкі палітзняволеных на сходзе ў “Салідарнасьці” распавялі пра сённяшні стан спраў. У атрадзе калоніі Віцьба ўсім вязням забараняюць кантактаваць з Саннікавым, жорстка папярэджваюць, што за размовы з ім могуць пазбавіць спаткання і перадач. Адзін з вязняў, які вызваліўся з калоніі і хацеў нешта перадаць сям’е Саннікава, быў адпраўлены дадому іншым шляхам. Андрэй Алегавіч піша маці кароткія лісты – больш аб прыродзе, бо пра сябе, відаць, яму не дазваляюць.
Жонка Мікалая Статкевіча, сп. Марына Адамовіч расказала, што яе непакоіць тое, што ён знаходзіцца ў закрытай турме ў Магілёве. Вольга Бандарэнка адзначыла, што яе муж ў калоніі вымушаны хадзіць з тросцю, на прагулках рухаецца вельмі павольна, што злуе зэкаў.
Маці зняволенага маладафронтаўца Эдуарда Лобава, сп. Марына Лобава сказала, абагульняючы выступы прысутных: “Мы жадаем мужчынам, каб яны захоўвалі аптымізм і свае здароўе, бо для нас вельмі важна, каб яны сябе адчувалі ўпэўнена, памяталі, што яны героі.
Мы чакаем іх дамоў і будзем выкарыстоўваць ўсе метады для іх вызвалення. “
Сваю салідарнасць і падтрымку сваякам вязняў выказалі паэт Генадзь Бураўкін і бард Алесь Камоцкі.
Камітэт “Салідарнасьць”аказвае і будзе працягваць аказваць юрыдычную і медычную дапамогу родным рэпрэсавыных і былым вязням.
Пакінуць новы каментар