Сустрэчы з сем’ямі палітвязняў
У святочны перыяд паміж Нараджэннем Хрыстовым паводле Заходняй і Усходняй традыцыі Камітэт абароны рэпрэсаваных " Салідарнасць" наведаў з віншаваннямі і падарункамі сем'і палітзняволеных, а таксама слынных дзеячоў культуры Беларусі, народных паэтаў Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна.
Цёплыя сустрэчы адбыліся ў сем'ях, дзе родныя дачакаліся вяртання дадому сваіх сыноў, мужоў і дачок. Нялёгка было жыць маці Яўгеніі Аляксандраўне ў чаканні сына, Мікалая Астрэйкі, але гэты тэрмін скрасіла дабраслаўленне сям'і нараджэннем дзіцяці, дачушкі Лізы.
Новы год Мікалай і Паліна Астрэйкі, а таксама іх бацькі, сустрэлі разам з ужо падрослым немаўляткам каля елачкі.
За гарбатай Мікалай падзяліўся ўспамінамі аб знаходжанні ў зняволенні. Умовы ў Шклоўскай калоніі №17, дзе ён знаходзіўся за ўдзел у дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі "Партнэрства", былі вельмі цяжкімі. Не гледячы на тое, што сярод зняволеных знаходзяцца каля 150 чалавек з вышэйшай адукацыяй, сярод якіх былыя кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў, стаўленне да вязняў не адпавядае гуманітарным нормам. Вязняў амаль зусім не лечаць, некаторыя з іх паміраюць непасрэдна ў калоніі. Цяпер у Шклоўскай калоніі знаходзіцца Зміцер Дашкевіч. Застаецца спадзявацца, што яму таксама пашанцуе датэрмінова выйсці на волю. Пакуль Мікалай Астрэйка працуе у Менску вартаўніком, зараз ён імкнецца адаптавацца і паправіць здароўе.
-------------------------------------------------------------------------------------------------------
Радаснай была сустрэча з Цімафеем Дранчуком, адпушчаным на волю з Мінскай калоніі №1 26 снежня 2006 года. Ён адчувае сябе добра і з задавальненнем уключыўся ў хатнія клопаты. Дома яго чакала жонка Вольга і сын Платон. Пакуль падрастала дзіця, маці і дзядуля рабілі фатаздымкі, каб бацька меў магчымасць убачыць свайго сына. Цяпер вядомы эколаг і журналіст Валер Дранчук плануе зрабіць фотавыставу пад умоўнай назвай "Платон глядзіць на свет", куды запросіць сяброў і калег.
------------------------------------------------------------------------------------------------------
Шчасце і задавальненне прыйшлі ў сям'ю Браніцкіх пасля вызвалення дачкі Эніры, якая шэсць месяцаў знаходзілася ў ізалятары КДБ за удзел у справе "Партнэрства". За гэты час дзяўчына не скарылася і не ўпала духам. Яе падрымлівала салідарнасць родных і сяброў.
Па вызваленні Эніра ўзяла шлюб з каханым чалавекам. Цяпер Э.Браніцкая набывае паслядыпломную адукацыю ў Еўрапейскім Гуманітарным Універсітэце і працягвае грамдскую працу.
------------------------------------------------------------------------------------------------------
Тры месяцы ў 2006 у Жодзінскай турме, вядомай жорсткімі адносінамі да зняволяных, правёў моладзевы актывіст Зміцер Каспяровіч. Гарачы патрыёт сваей Радзімы наважыўся разам з сябрамі ў перадвыбарчы час павесіць бел-чырвона-белы сцяг над будынкам Мінгарвыканкама, за што і быў арыштаваны.У турме Зміцер моцна хварэў бранхітам, які з недахопу догляду перайшоў у запаленне легкіх. Знаходжанне за кратамі моцна адбілася на
стане здароўя яго маці. Цяпер актывістка ТБМ і сябра БНФ Таццяна Нічыпараўна Каспяровіч акрыяла духам і крыху заспакоілася, задаволеная тым, што Зміцер знаходзіцца дома, працягвае займацца культурна-асветніцкай дзейнасцю і атрымліва паслядыпломную адукацыю ў Віленскім ЕГУ.
-------------------------------------------------------------------------------------------------------
Напярэдадні Новага Году з адбывання хіміі ў Гомельскай вобласці вызваліўся Андрэй Клімаў.Адчуваючы моцныя псіхалагічныя цяжкасці пасля знаходжання ў ізаляцыіі і абмежаванні волі, палітык і былы дэпутат рады адчуць утульнасць хатняга ачага, любоў і клопат жонкі і трох дзетак, адпачыць і набрацца сіл. Пакуль Андрэй займаецца аналітыкай, робіць свае прагнозы наконт будучыні дзяржавы і развіцця грамадскага руху.
Віншаванні былі перададзены Валянціне Статкевіч і яе дачкам са спадзяваннямі, што ўжо праз хуткі час іх муж і бацька Мікалай Віктаравіч Статкевіч, які праявіў мужнасць, рашучаць і адказнасць за сваю краіну пасля правядзення рэферэндума ў кастрычніку 2004 года, вернецца дадому і далучыцца да сваіх паплечнікаў, сяброў і родных.
-------------------------------------------------------------------------------------------------------
Падзяляючы трывогу і боль за лёс Аляксандра Казуліна сябры Камітэту сустрэлісяўся з жонкай экс-кандыдата ў дэпутаты - Ірынай Казулінай, якая распавяла аб яго стане здароўя і ўмовах знаходжання ў калоніі "Віцьба".
Экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін галадаў больш 50 дзён. Занепакоенасць яго станам здароўя выказаў Еурапейскі Саюз. За 8 месяцаў зняволення палітвязень страціў больш за 30 кілаграмаў вагі і знаходзіцца у цяжкім стане.
------------------------------------------------------------------------------------------------------
На аднаго палітвязня ў Беларусі стала меньш. На волю выйшаў Сяргей Скрабец.
Паўтары гады правеў ён за кратамі. За гэты час ён галадаў 5 разоў. Фактычна ўвесь час зняволення Скрабец быў у галадоўцы, або выходзіў з яе. С.Скрабец распавядаў пра ўмовы, ў якіх знаходзяцца зняволеныя. Вязні маюць права дзве гадзіны гуляць, але яны бывалі на паветры максімум 40 хвілінаў. У двары памерам два на тры метры брудна і шмат пылу. На " этапах" разам сядзелі хворыя на сухоты і СНІД. Зараз іх не утрымліваюць асобна. Хворых шмат і ў зоне, і ў "каранціне."Калі С. Скрабец разам з А. Казуліным ляжалі у медсанчастцы, там ляжаў хворы на сухоты з закрытай формай.
На Валадарскага С. Скрабца ледзь не давялі да вар'яцтва. Трое сутак ён ляжаў на дошках з пацукамі.мышамі, вошамі, сядзеў разам з бамжамі. Ставіліся да яго проста па-скоцку.
С.Скрабец атрымаў у Камітэце абароны рэпрэсаваных матэрыяльную дапамогу на папраўку здароўя.
-------------------------------------------------------------------------------------------------------
Словы спачування былі выказаны Галіне Васільеўне Сіўчык, у якой вераломна, ў дзень яе 65-гадовага юбілея, арыштавалі малодшага сына Канстанціна. Ганебна, што дзяржава не лічыцца з лепшымі прадстаўнікамі інтэлігенцыі, з заслугамі навукоўцаў і паважаных сем'яў.
Канстанцін Лукашоў працаваў у Навукова-даследчым інстытуце геалогіі і геахіміі, яго бацька быў заслужаны прафесар, а дзед - акадэмік. Вясной 2006-га Галіна Васільеўна, паважаны педагог у мінулым, была збіта АМАПаўцамі, яе старэйшы сын, грамадскі актывіст Вячаслав Сіўчык быў затрыманы і жорстка збіты, пасля чаго знаходзіўся ў 3-цім клінічным шпіталі. Канстанцін вывозіў брата Вячаслава са шпіталя і бараніў ад незаконных дзеянняў "праваахоўных органаў". Цяпер яму інкрымінуецца наезд на супрацоўніка міліцыі. К. Лукашоў з знаходзіўся два месяцы ў СІЗА №1 на Валадарскага ва ўмовах, якія не адпавядаюць годнасці і здароўю асобы. 15 лютага было распачата слуханне ў Ленінскім судзе паводле справы К.Лукашова.
-------------------------------------------------------------------------------------------------------
Камітэт абароны рэпрэсаваных наведаў муж Кацярыны Пятроўны Садоўскай, якая знаходзіцца ў Гомельскай жаночай калоніі. Як распавеў Віктар Казіміравіч, яго жонка Кацярына Садоўская, знаходзячыся на пенсіі, працягвала займацца адвакацкай і праваабарончай дзейнасцю.
Яна была абвінавачана ў падрыхтоўцы да распаўсюджвання зварота, які закранаў гонар і годнасць прэзідэнта.
Асабліва жорсткія меры былі прыменены да яе, не гледзячы на тое, што за некалькі месяцаў да затрымання, яна перанесла анкалагічную аперацыю.
У шпіталі калоніі Кацярыне Пятроўне была зроблена паўторная аперацыя. Ледзь толькі яна ачуняла, жанчына была зноў адпраўлена на працу разам з іншымі вязнямі. Гэты выпадак з'яўляецца яскравым фактам парушэння правоў чалавека ў Беларусі.
У калоніі Кацярына Пятроўна адчула моцную падтрымку. Яна атрымала вялікую колькасць лістоў і паштовак з Беларусі,Чэхіі і іншых краінаў, ад шматлікіх грамадскіх арганізацыяў, "Згуртавання беларусаў свету" і нават ад " Белтэлекома".
-------------------------------------------------------------------------------------------------------
Віншаванні былі перададзены сем'ям Паўла Севярынца, Змітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, і іншым. Рэпрэсаваныя і іх родныя атрымалі сімвалічныя святочныя падарункі.
-------------------------------------------------------------------------------------------------------
Для шаноўнага мэтра паэзіі Генадзя Бураўкіна ў 2006 годзе працэс па высяленню пісьменніцкай грамады з Дома Літаратараў скончыўся інфарктам і бальнічным ложкам.
Сёння народныя пісьменнікі і паэты, як і сама беларуская мова, у стане рэпрэсаваных.
Дзяржава даўно перастала клапаціцца пра лёс аўтарытэтаў нацыі, якія ствараюць яе гонар. Яны не маюць магчымасці шырока выступаць у друку, вымушаны выдаваць кнігі за свае ўласныя сродкі. Здароўе пісьменнікаў таксама выклікае вялікую заклапочанасць. Словы падзякі былі выказаны шаноўнаму паэту ад імя усіх яго чытачоў.
Сёння Генадзь Мікалаевіч шмат часу праводзіць з сям'ёй, з радасцю бавіць час з унукамі ў
парку.
Са словамі ўдзячнасці і павагі Камітэт абароны рэпрэсаваных звярнуўся да народных паэтаў Ніла Гілевіча і Рыгора Барадуліна. Ніл Сымонавіч актыўна ўдзельчае ў грамадскім руху, ён адным з першых падняўся ў абарону моладзевых актывістаў. Змітру Дашкевічу і сябрам "Маладога Фронту" ён перадаў у дар сваю кнігу публіцыстыкі: "Толькі мы самі." Адзін асобнік кнігі ён перадаў за захаванне Камітэту.
Рыгор Іванавіч Барадулін, які ў гэтым годзе зноў вылучаны на атрыманне Нобелеўскай прэміі, застаецца верным сваім караням і роднай зямлі. Верны беларускай трываласці, аптымізму і гумару, ён перадаў усім сваім чытачам пажаданне быць у новым годзе шчаслівымі і багатымі!