Сьветлагорcк: на кватэры С.Міхальчанкі быў праведзены вобшук
Учора ў Сьветлагорску міліцыянты затрымалі актывістак ПКБ Сьвятлану Міхальчанка і Вольгу Янкоўскую , якія распаўсюджвалі ўлёткі зь інфармацыяй пра адмену льготаў.
У горадзе плянавалася правесьці 11 сацыяльных пікетаў, аднак усе яны былі забаронены ўладамі. Сьвятлана Міхальчанка сказала:
“Мы і не пайшлі на тыя месцы, дзе меркавалі правесьці пікеты. Мы ўзялі ўлёткі і пайшлі на “Маладзёжны” рынак. Я стаяла з партфэлем і ў мяне было больш за 300 улётак. Я ніякіх дзеяньняў не прадпрымала. Аднак міліцыянты адвялі ў апорны пункт”.
Вольга Янкоўская мела з сабой каля 20 улётак і пасьпела некалькі зь іх раздаць на рынку. Яе таксама затрымалі.
У абедзьвюх жанчынаў правялі дагляд асабістых рэчаў і сканфіскавалі ўлёткі.
Потым выклікалі сьледчага і правялі вобшук на кватэры. Міліцыянты знайшлі на кватэры, дзе жывуць спадарыні Міхальчанка і В.Янкоўская яшчэ сем улётакк. Яны таксама былі сканфіскаваныя.
Паводле С.Міхальчанкі, яе вінавацяць у адміністрацыйным правапарушэньні, у распаўсюдзе незарэгістраванай друкаванай прадукцыі.