Сяргей Сямёнаў перамог мытнікаў

s-siamionau-rfrl071005.jpg

Сяргей Сямёнаў дамогся справядлівасьці ў судзе Цэнтральнага раёну г. Гомеля. Судзьдзя Віктар Казачок пастанавіў спыніць адміністратыўную справу, узбуджаную ў дачыненьні да жыхара Гомеля, які патрабаваў беларускамоўны блянк мытнай дэклярацыі пры перасячэньні беларуска-ўкраінскай мяжы.

 

Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля адбыўся паўторны разгляд справы над грамадзкім актывістам Сяргеем Сямёнавым, які нібыта адмовіўся падпарадкоўвацца законным патрабаваньням супрацоўнікаў мытні. На самім працэсе маладзён ня змог прысутнічаць па прычыне пагаршэньня здароўя. Пра гэта ён загадзя паведаміў у суд, папрасіўшы перанесьці дату пасяджэньня альбо вынесьці вырак без яго. Судзьдзя Казачок вырашыў правесьці пасяджэньне без прысутнасьці актывіста. Сам працэс доўжыўся 20 хвілінаў, за якія судзьдзя выслухаў паказаньні прадстаўніка гомельскай мытні Вячаслава Гапоненкі. Той пацьвердзіў сьведчаньні Сяргея Сямёнава, зазначыўшы, што маладзён пры перасячэньні дзяржаўнай мяжы ў пункце пропуска “Новая Гута” патрабаваў блянк мытнай дэклярацыі на роднай мове. Судзьдзя Віктар Казачок вынес апраўдальнае рашэньне, спыніўшы адміністратыўную справу Сямёнава з-за адсутнасьці складу правапарушэньня.

Нагадаем, супрацоўнікі дзяржаўнай мытні двойчы складалі пратакол на Сяргея Сямёнава з-за ягоных патрабаваньняў прадаставіць беларускамоўны блянк мытнай дэклярацыі. 30 жніўня судзьдзя Марына Дамненка прызнала хлопца вінаватым у перашкодзе працы мытнікаў, абавязаўшы яго выплаціць штраф памерам у 30 базавых адзінак. 24 верасьня мусіў адбыцца паўторны суд, які спадарыня Дамненка перанесла на 4 кастрычніка.