Сяргею Каваленку пагражае да шасьці гадоў турмы
Супраць актывіста, які 7 студзеня вывесіў сцяг на галоўнай гарадской ялінцы ў Віцебску, распачалі крымінальную справу.
Пра гэта праваабаронца Павал Левінаў даведаўся ад дзяжурнага Кастрычніцкага РАУСа, дзе ў пятніцу ад 10-й ранку да 8-й вечара дапытвалі затрыманага сябра КХП БНФ Сяргея Каваленку.
Справа супраць Каваленкі распачатая паводле 2-й часткі 339 артыкула Крымінальнага кодэкса, якая прадугледжвае пакаранне за «хуліганства, здзейсненае паўторна ці групай асобаў, або звязанае з супрацівам асобам, якія спрабуюць прадухіліць хуліганскія дзеянні».
Спадар Левінаў удакладніў, што ў такім выпадку Сяргею Каваленку пагражае
альбо арышт ад 3 да 6 месяцаў, альбо да 5 гадоў абмежавання волі — так званай «хіміі», альбо турэмнае зняволенне на тэрмін да 6 гадоў.
Верагодную дату суду над Сяргеем Каваленкам праваабаронцу высветліць не ўдалося: у міліцыі сказалі, што пакуль што вядзецца следства.
Віцебскія аднадумцы прапанавалі спадару Каваленку скарыстацца паслугамі знойдзенага імі адваката — пра гэта затрыманаму перадалі празь ягоную маці, якая прыяжджала ў Кастрычніцкі РАУС, каб сустрэцца з сынам у перапынку паміж допытамі.
Пазней маці актывіста, спадарыня Лідзія, распавяла, што а 6-й вечара ў кватэры, дзе жыве яна, Сяргей Каваленка з сям’ёй і малодшы брат Віталь, быў праведзены ператрус.
Міліцыянты знайшлі і канфіскавалі 26 улётак апазіцыцыйнага зьместу. Пыталіся і пра наяўнасць бел-чырвона-белых сцягоў, але ў кватэры іх не было.
Нагадаем, што Сяргей Каваленка быў затрыманы ў чацвер каля гадзіны дня на плошчы Перамогі ў Віцебску, пасля таго як на вачах у соцень мінакоў вывесіў на 40-метровай вышыні бел-чырвона-белы сцяг, здолеўшы залезці па зборнай мэталічнай канструкцыі на самую вершаліну навагодняй ёлкі.
Паводле Нашай Нівы
Пакінуць новы каментар