Сяргея Парсюкевіча пасадзілі з былымі міліцыянтамі

parsiukevicz.jpg

Палітвязьня Сяргея Парсюкевіча перавялі са Шклоўскай у Менскую калёнію, у адмысловы атрад для былых міліцыянтаў. Былыя палітвязьні не выключаюць, што такім чынам кантроль над лідэрам прадпрымальніцкага руху будзе ўзмоцнены.

Пра перавод у Менскую калёнію Сяргей Парсюкевіч паведаміў жонцы Натальлі праз тэлефон 24 ліпеня:

“Дазволілі яму пазваніць, і ён паведаміў, што пераводзяць у Менскую калёнію. Маўляў, яму трэба там быць як былому міліцыянту. Сяргей быў вельмі разгублены. Маё меркаваньне, што маральна зьдзекуюцца зь яго”.

Сёньня, 25 ліпеня, у адміністрацыі Менскай калёніі пацьвердзілі, што Сяргея Парсюкевіча ўжо прывезьлі ў калёнію. У якім атрадзе ён будзе адбываць пакараньне, не паведамілі. Супрацоўнік адміністрацыі сказаў, што пра гэта сваякам вязьня паведамяць праз два тыдні пасьля таго, як ён пройдзе карантын. Прычыны пераводу міліцыянты не камэнтуюць.

 

Паводле Радыё Свабода