Сяржук Сямёнаў дамогся справядлівасьці ў Вярхоўным Судзе
Згодна пастанове, папярэднія рашэньні ніжэйшых судовых інстанцыяў адмяняюцца, а дзяржаўная мытня абавязуецца выплаціць маладзёну суму ўтрыманага штрафу.
У афіцыйнай пастанове, якую гамяльчук Сяргей Сямёнаў атрымаў па пошце, пазначана, што судовы вырак судзьдзі Цэнтральнага раёну Марыны Дамненкі адмяняецца. Дадзенае рашэньне абгрунтаванае тым, што, па – першае, пры перасячэньні мяжы ў грамадзяніна Сямёнава не мелася тавараў, якія падлягаюць абавязковаму дэклараваньню. Па – другое, з матэрыялаў справы вынікае, што грамадзкі актывіст не адмаўляўся запоўніць блянк мытнай дэклярацыі, а прасіў прадаставіць яму беларускамоўную вэрсію дакумэнта. Усе гэтыя факты дазволілі Вярхоўнаму Суду прызнаць пастанову раённага суду незаконнай, а гомельскую мытню абавязаць вярнуць грошы, утрыманыя быццам бы за адміністратыўнае правапарушэньне.
У бліжэйшы час Сямёнаў зьбіраецца зьвярнуцца ў Міністэрства Юстыцыі, каб праверыць прафесійную адпаведнасьць судзьдзі Марыны Дамненкі службовай пасадзе.
Нагадаем, 30 жніўня бягучага года на падставе рашэньня судзьдзі Марыны Дамненкі грамадзянін Сямёнаў атрымаў штраф у памеры 30 базавых велічыняў нібыта за адмову падпарадкоўвацца законным патрабаваньням супрацоўнікаў мытнага органа.