Сёньня пройдуць суды над затрыманымі актывістамі
Учора у Менску каля офіса Партыі БНФ затрыманыя моладзёвыя лідэры Алесь Каліта й Павал Серадзенка. Пра гэта БелаПАН паведаміла сябра Аб`яднанай грамадзянскай партыі Крысьціна Шацікава.
Паводле яе слоў, учора каля 14 гадзінаў супрацоўнікі міліцыі каля офіса партыі паспрабавалі затрымаць актывістку моладзевай структуры Партыі БНФ Анастасію Азарку. А.Каліта й П.Серадзенка выбеглі з офіса на дапамогу А.Азарцы. Дзяўчына здолела пазьбегнуць затрыманьня, аднак А.Каліта й П.Серадзенка былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі ў чорнай форме.
Моладзевыя актывісты былі дастаўленыя ў РУУС Цэнтральнага раёну г.Менска. Пры іх былі знойдзеныя агітацыйныя матэрыялы, якія заклікалі народ Беларусі падтрымаць правядзеньне "Эўрапейскага маршу "За Свабоду", які павінен адбыцца ў канцы кастрычніка гэтага года. У выніку А.Каліта й П.Серадзенка былі дастаўленыя ў спецпрыёмнік-разьмеркавальнік ГУУС Менгарвыканкама на вуліцы Акрэсьціна ў Менску. Чакаецца, што суд над імі адбудзецца сёньня ў судзе Цэнтральнага раёна Менска.
Па матэрыялам Chartet97.org