Сёньня самы страшны дзень у найноўшай гісторыі Беларусі
У ноч на 29 кастрычніка 1937 году ў сутарэньнях турмы НКВД былі расстраляныя 80 чалавек — цьвет беларускай нацыі. Гэта быў пік. У некаторых сацыяльных групах, нацыянальных супольнасьцях ці прафэсійных асяродках жывымі заставаліся толькі прыналежныя да іх агенты спэцслужбаў.
Сярод расстраляных у ноч на 29 кастрычніка былі наркам асьветы Аляксандар Чарнушэвіч, рэктар БДУ Ананій Дзьякаў, выбітныя пісьменьнікі Міхась Зарэцкі, Міхась Чарот, Платон Галавач, лідэр патрыятычнае моладзі Алесь Дудар, знаныя мэдыкі, фізыкі, юрысты, пэдагогі, хімікі, географы. Усіх зьвінавацілі ў антысавецкай дзейнасьці.
Сталіністы, як і нацысты, імкнуліся вынішчыць эліты паняволеных нацыяў, каб навекі пазбавіць іх лідэраў. 29 кастрычніка 1937 году душагубка дасягнула максымальнай прадукцыйнасьці. Усяго ад 1930 да 1941 гадоў у Беларусі былі рэпрэсаваныя ня менш за 600 тысячаў чалавек, зь іх прынамсі 200 тысячаў былі замучаныя. Гэта былі самыя адукаваныя, самыя асьвечаныя, самыя прадпрымальныя асобы.
Былі цалкам ліквідаваныя нацыянальныя кіраўнічыя кадры ва ўрадзе і адміністрацыі, Акадэмія Навук, творчыя саюзы (на волі засталося 15 з 400 пісьменьнікаў), нацыянальная гістарычная і краязнаўчая школы, рэлігійныя актывісты (у тагачаснай Усходняй Беларусі не засталося ніводнае царквы і касьцёлу), прадпрымальнікі і заможныя сяляне.
Многія арыштаваныя праходзілі праз такія катаваньні, што гублялі волю да жыцьця і прагнулі сьмерці як збавеньня.
У некаторых сацыяльных групах, нацыянальных супольнасьцях ці прафэсійных асяродках жывымі заставаліся толькі прыналежныя да іх агенты і правакатары спэцслужбаў або людзі, якіх зьбярог цуд.
Як і нацысты, сталіністы не вынішчалі ўсіх прызначаных на сьмерць адразу, бо разьлічвалі выкарыстоўваць іх у якасьці рабскае працоўнае сілы і, да таго ж, ня мелі тэхнічнае магчымасьці ўмярцьвіць столькі народу за раз.
Ацалелі таксама тыя, хто быў занадта вядомы і чыя сьмерць магла нашкодзіць саветам больш чым жыцьцё. Гэтак, немцы не наважыліся зьнішчыць Зыгмунда Фройда, а саветы — Купалу і Коласа. Засталіся жудасныя дакумэнты, што апавядаюць пра цкаваньне Купалы, якога давялі да спробы самагубства, і пра драму Коласа, які тры гады спаў не распранаючыся ў чаканьні арышту і расстрэлу.
Кашмар стаў будзённасьцю.
Такое мэтаскіраванае, плянамернае і бязьлітаснае вынішчэньне цэлых сацыяльных групаў ня мела прэцэдэнту ў гісторыі. Катаў расстрэльвалі новыя каты, а тых — чарговае пакаленьне “вінцікаў”, каб зацерці ўсе сьляды. Бермана расстраляў Наседкін, Наседкіна — Цанава. Месцы масавых пахаваньняў зьнішчаліся тымі, хто ня ведаў пра іхнае паходжаньне. Вайна дазволіла выдаць іх за месцы нацысцкіх людабойстваў, ужо ж тыя дараўноўваліся ў сваіх маштабах савецкім.
Тэрор адбываўся ў імя сацыяльнае ўтопіі, але фактычна ажыцьцяўляўся ў вялікарасейскіх імпэрскіх інтарэсах, так як і нацысты вынішчалі ўсіх, хто заважаў іхнаму лебэнсраўму. Ліквідоўваліся ўсе, нават патэнцыйныя і гіпатэтычныя пагрозы і асяродкі апазыцыі. Імпэрыі хацелі апанаваць сьвет.
Маштаб катастрофы быў такі, што ў многіх сфэрах чалавечае дзейнасьці Беларусь дагэтуль не аднавіла страчанага ў тыя гады рэсурсу.
З тых гадоў пачалася дэградацыя чалавечага патэнцыялу вёскі, з тых гадоў турэмныя звычаі пачалі замяняць мараль. Дзіва што — праз зоны прайшло столькі людзей.
Мы памятаем і ахвяраў, і катаў. Зьнічы загараюцца пад хвоямі Курапатаў і пад мурамі вязьніцаў.
Паводле Нашай Нівы